Запарожцы пішуць ліст…
22- 8.12.2025, 19:10
- 23,934
Карціна Рэпіна ў сучаснай фатаграфіі.
Карціна мастака Ільі Рэпіна «Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану» стала прататыпам шматлікіх фотаздымкаў, зробленых у выніку расійскай агрэсіі ва Украіне. Украінскія вайскоўцы цяпер паўтараюць па-свойму сцэну гэтай карціны: на палотне Рэпіна намаляваныя казакі, якія кідаюць выклік варожай дзяржаве ў XVII стагоддзі.
Першыя здымкі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія пазуюць так, як на палотне мастака, з’явіліся ў 2014 годзе, калі падтрымліваемыя Масквой сілы на Данбасе пачалі ўзброены захоп тэрыторый Украіны. З таго часу байцы ЗСУ неаднойчы аднаўлялі карціну Рэпіна, і кожны раз гэта былі фотаздымкі, піша «Радыё Свабода».

Карціну «Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану» мастак-рэаліст Ілья Рэпін ствараў больш за 10 гадоў, пачаўшы ў 1880-м і скончыўшы ў 1891 годзе. На карціне выяўлены казакі напрыканцы XVII стагоддзя ў той момант, калі яны пішуць абразлівы адказ на ўльтыматум султана Асманскай імперыі. Паводле легенды, якая натхніла мастака на стварэнне манументальнага палатна, мусульманскі кіраўнік не змог перамагчы запарожскіх воінаў у бітве, але пагражаў вярнуцца з вялікім войскам, калі яны не пакорацца. Ліст казакаў — апокрыф, але карціна стала для ўкраінцаў сімвалам свабоды.

Напэўна, самая скрупулёзная рэканструкцыя мастацкага твора — праца Эмерыка Люсэ «Здалёк чую адказ казакаў». Улетку 2023 года французскі фатограф правёў цэлы дзень на беразе Дняпра пад Кіевам, працуя з ваенаслужбоўцамі 112-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны Украіны, каб стварыць фотакопію шэдэўра Рэпіна.
На здымку вэйп замяняе курыльныя трубкі, а замест мечаў на плячах сучасных воінаў віснуць гранатамёты. Жужжачы побач дрон — сведчанне сучаснасці і вайны Расіі ва Украіне.

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» французскі фатограф сказаў, што яго фатаграфія — «кульмінацыя шырокага даследавання расійскага калоніялізму ва Украіне і выкарыстання культуры як інструмента вайны».

У цэнтры здымка з рацыяй у руках сядзіць Раман Грыбаў. Ён украінскі памежнік, які ў 2022 годзе аддаў каманду «Расійскі ваенны карабель, ідзі на х…», што пазней стала мемам, у адказ на наступ расійскіх ВМС на востраў Змяіны. Паводле слоў Люсэ, тое, што Грыбаў займае месца пісца ў рэканструкцыі карціны, «паўтарае гісторыю рэакцыі казакоў XVII стагоддзя».

«Карціна Рэпіна імгненна пераносіць мяне ў эпоху, дзе адчуваецца дух свабоды Запарожскай Сечы, — распавёў у інтэрв’ю ўкраінскай службе «Радыё Свабода» Андрэй Малік, прадстаўнік 112-й брыгады. — І гэтае пачуццё жыве дагэтуль. На маю думку, карціна Рэпіна ніколі не састарэе».

Падпіс да гэтага здымка гучыць: «Раней казакі пісалі ліст турэцкаму султану, а цяпер яны вызначаюць канкрэтны план дзеянняў па знішчэнні ворага і поўным вызваленні ўкраінскіх земляў».

Арыгінал карціны Рэпіна знаходзіцца ў экспазіцыі Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Палатно набыў Аляксандр III у 1892 годзе. Больш позняя і незавершаная версія карціны захоўваецца ў Харкаўскім мастацкім музеі. Ілья Рэпін нарадзіўся ў 1844 годзе недалёка ад Харкава, на тэрыторыі сучаснай Украіны. Тады гэты рэгіён уваходзіў у склад Расійскай імперыі.
Фатограф Эмерык Люсэ перадаў свой здымак у дар Херсонскаму мастацкаму музею напрыканцы 2024 года. Падчас афіцыйнай цырымоніі ён сказаў супрацоўнікам музея і салдатам, адлюстраваным на здымку: «Спадзяюся, што калісьці мы ўсе зможам сустрэцца падчас наведвання музея, а потым пайсці есці кавун на беразе Дняпра, не баючыся атак беспілотнікаў або артылерыйскага абстрэлу».