Урокі Чаўшэску
4- Аббас Галлямаў
- 23.12.2025, 12:16
- 5,050
Пакаралі смерцю дыктатара не паўстанцы, а ўчарашнія паплечнікі.
Учора адзначалася гадавіна падзення рэжыму Чаўшэску. Гэта была вельмі павучальная гісторыя. Я б на месцы цяперашніх гаспадароў Крэмля звярнуў увагу на наступныя абставіны.
Па-першае, гэта быў самы рэпрэсіўны рэжым у Усходняй Еўропе, і менавіта яго стваральнік апынуўся АДЗІНЫМ кіраўніком дзяржавы, якога пакаралі смерцю. Кіраўнікі астатніх — больш мяккіх — аўтакратый адбыліся лёгкім спалохам. Высветлілася, што палітычны гвалт — гэта абапал вострая зброя.
Другі ўрок палягае ў тым, што пакаралі смерцю дыктатара не паўстанцы, а ўчарашнія паплечнікі, якія хутка перакінуліся на іх бок. Зразумеўшы, што «Геній Карпат» настолькі дапёк народу, што пазбавіцца ад яго лягчэй, чым яго абараняць, яны арганізавалі тэрміновы трыбунал і ў той жа дзень расстралялі былога патрона.
З дапамогай гэтага няхітрага труку умераная частка кіроўнай эліты Румыніі здолела ўтрымаць уладу. Не ўсе, вядома, дамагліся поспеху. Некаторыя страцілі пасады, іншыя нават пад суд папалі. Але ў цэлым аперацыя па пераабуванні прайшла паспяхова. Як патлумачыў былы лідар румынскага камсамола Іліеску, які стаў новым кіраўніком дзяржавы: «Народ жа паўстаў не супраць камунізму, ён паўстаў супраць Чаўшэску». Увогуле, гэта быў добры прыклад таго, як істэблішмент можа арганізаваць уласнае палітычнае выжыванне.
Два дні таму я выпусціў відэа, у якім распавёў, як будуць разгортвацца падзеі ў Расіі пасля сыходу Пуціна. Калі вы яго прапусцілі, то паглядзіце. Тым, хто не памятае ўрокаў гісторыі, здаецца, што гэта ўсё немагчыма, а вось тыя, хто іх памятае, ведаюць, што менавіта так яно і бывае.
Як казалі старажытныя рымляне, accidit in puncto, quod non contigit in anno. «У адно імгненне адбываецца тое, чаго не здараецца і за гады».
Аббас Галлямаў, Telegram