Досыць займацца прафанацыяй
- Наста Захарэвіч
- 11.12.2025, 16:21
- 5,982
Патрэбна сістэма дапамогі беларусам за мяжой.
Бываюць такія смерці, пра якія ясна: навакольныя зрабілі ўсё магчымае, каб уратаваць чалавека, але не атрымалася. Але беларусы Ілья Жалезнякоў і Уладзімір Лазараў памерлі ў Польшчы інакш. Іх цалкам можна было ўратаваць, але мы нават не тое каб не справіліся… Мы быццам вырашылі і не спрабаваць па-сапраўднаму.
Ілья Жалезнякоў пасля трансплантацыі сэрца жыў у машыне і, паводле слоў яго знаёмых, нават калі звяртаўся па дапамогу, часта яе не атрымліваў. Уладзімір Лазараў жыў у прытулку для бяздомных, меў праблемы з польскімі ўладамі і відавочна не меў неабходнай падтрымкі з боку супольнасці. І калі трагедыі гэтых мужчын не стануць штуршком да таго, каб мы, як дэмакратычна настроеная супольнасць, перагледзелі свае прыярытэты, то я не ведаю, што яшчэ зможа нас да гэтага падштурхнуць.
Яшчэ жывучы ў Беларусі, я часта пісала пра адну вельмі характэрную рысу беларускіх уладаў, якая моцна псавала жыццё ўсім нам: яны не ўмелі і не ўмеюць прызнаваць уласныя памылкі. Прызнаць, што нешта не прапрацавалі, нешта праігнаравалі, дзесьці неабгрунтавана выбралі больш просты шлях, каб лепш выглядаць у вачах міжнароднай супольнасці? На такое яны ніколі не ішлі. І, адпаведна, пазбаўлялі грамадства розных магчымасцяў развіцця. Бо каб нешта прынцыпова палепшыць, трэба спачатку прызнаць, што цяпер яно працуе прынамсі недасканала. А на такое чыноўніцтва пайсці не магло, бо іх іерархія працуе быццам па турэмных правілах: нельга паказваць слабасць, нават калі гэта прыносіць велізарную шкоду. Шмат хто крытыкаваў улады за цынізм, бо было відавочна, што высокую цану за гэтыя гульні плацяць не яны, а людзі з найбольш уразлівых груп.
Нельга прызнаць, што людзі з рэдкімі генетычнымі захворваннямі ігнаруюцца дзяржавай? Тады няма і найменшага шанцу, што дзяржава зменіць палітыку і пачне фінансаваць тыя ж лекі ад СМА. Нельга прызнаць, што існая палітыка адносна дамашняга гвалту не на карысць пацярпелым? Тады не варта чакаць прыняцця адпаведных законаў. Але ўсё гэта — пра рэжым Лукашэнкі, і так хацелася верыць, што без яго мы будзем lepшыя! Што, калі мы перастанем дзейнічаць па яго правілах, мы выбудуем структуры сацыяльнай падтрымкі, будзем ратаваць і абараняць самых уразлівых!
І вось, так бы мовіць, мінула 5 гадоў. У нас з’явіліся трэнінгі і рэтырыты, школы лідарства і праекты па захаванні культурнай спадчыны, у нас ёсць выставы і кінафестывалі. А развітой сістэмы падтрымкі нашых жа людзей, якія апынуліся ў асабліва ўразлівым становішчы, — няма.
Я ўсё разумею: мне таксама значна прыемней мадэраваць сустрэчы з беларускімі пісьменніцамі або выступаць на нейкіх мерапрыемствах, распавядаючы пра Беларусь, чым тлумачыць чалавеку ў паніцы, якія варыянты псіхіятрычнай дапамогі існуюць і куды звяртацца з якімі чаканнямі. Пісаць інструкцыі і гайды мне таксама было прасцей, чым кансультаваць рэальных людзей у цяжкай сітуацыі, якія паводзяць сябе не заўсёды адэкватна. Усё зразумела. Але як так атрымалася, што мы як супольнасць перанялі ў рэжыму Лукашэнкі тое самае, за што яго крытыкавалі?
Чаму мы цяпер таксама не прызнаем сваіх слабасцяў і памылак, адрываемся ад рэальнасці, робячы стаўку на незразумелыя лідарскія праграмы і ігнаруючы гуманітарную катастрофу, якая паступова развіваецца і з часам будзе толькі пагаршацца?
Неяк так атрымалася, што мы пераскочылі адразу некалькі ўзроўняў піраміды Маслоў і як дэмакратычная супольнасць наблізіліся да самарэалізацыі, нібыта забыўшыся, што ў заўважнай часткі нашых людзей, далёкіх ад каляпалітычнага актывізму і медыя, не закрытыя базавыя патрэбы. Яны знаходзяцца на самым ніжнім узроўні гэтай піраміды, і колькі яшчэ змогуць пратрымацца — невядома.
Здаецца, прыйшоў час паставіць пытанне рубам: або мы, нарэшце, ствараем сістэму сацыяльнай падтрымкі, або перастаём займацца прафанацыяй. Каб не было ніякіх ілюзій. І гэтыя пытанні я адрасую ўсім дэмакратычным сілам.
Наста Захарэвіч, Belsat