5 снежня 2025, Пятніца, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто праслухоўвае Пуціна?

2
Хто праслухоўвае Пуціна?
Іван Якавіна

Гэта вельмі сур’ёзны крызіс для Крэмля.

Я з самага пачатку казаў, што гэты «мірны план» пісаў не Трамп, не Рубіо і нават не Уіткоф, а нейкія расіяне. Хутчэй за ўсё, Кірыл Дзмітрыеў спрабаваў увасобіць у ім асноўныя мары Пуціна. Бо занадта ўжо шмат у гэтым плане рускай бюракратычнай лексікі, няўклюдна перакладзенай на англійскую. Да таго ж там утрымліваюцца патрабаванні, бясконца далёкія ад амерыканскіх уяўленняў пра прадмет — кшталту стварэння ва Украіне механізму абароны правоў УПЦ МП.

Карацей, «ушанкі і балалайкі» былі там рассыпаныя па ўсім тэксце.

І вось Bloomberg публікуе расшыфроўку кімсьці падслуханых тэлефонных размоў памочніка Пуціна па міжнародных справах Юрыя Ушакова. З гэтых расшыфровак становіцца ясна, што амерыканцы ўвогуле ніякага дачынення не мелі да складання плана з 28 пунктаў — гэты дакумент пісаў сам Ушакоў у пары з Дзмітрыевым. Уцечку яго ў прэсу арганізавалі яны ж.

Уласна, таму Пяскоў, Пуцін і іншая крэмлёўская публіка так дабразычліва пра план выказваліся з самага пачатку — гэта іх дзецішча.

Таксама цікава, што Крэмль вельмі баяўся, што амерыканцы абвесцяць гэты план узгодненым, а потым дакруцяць і дададуць туды нешта непрымальнае для РФ: Маскве было б супер складана адбрэхвацца ад падпісання паперы, якую першапачаткова ў Крамлі і пісалі.

Уласна, менавіта гэтыя страхі Ушакова, Дзмітрыева і Пуціна ўвасабляюцца ў рэальнасць — пасля перамоў ЗША—Украіна план відавочна быў мадыфікаваны ў непрыемны для РФ бок.

Але яго асноўны масіў — усё адно расійскае тварэнне, таму Трамп ужо ўсяму свету кажа, што мір хутка будзе заключаны.

Калі Пуцін проста возьме і адмовіцца падпісваць дакумент, які Трамп лічыць расійскім, то цалкам магчыма, што амерыканская палітыка ў дачыненні да РФ можа стаць куды больш жорсткай.

З запісаў тэлефонных размоў таксама вынікае, што Стыў Уіткоф працуе, хутчэй, на Крэмль, чым на Белы дом. Ён зусім відавочна выконвае функцыі расійскага агента, а не амерыканскага дыпламата. Ён, напрыклад, тлумачыў расіянам, як ім трэба навешваць Трампу локшыну на вушы, каб ён ім дакладна паверыў. (І яны карысталіся парадамі Уіткова).

Тое, што тэлефон Ушакова праслухоўваецца, — гэта само па сабе вялікі скандал. Нагадаю, што пры Абаме ў штат Ушакова ўладкаваўся працаваць Алег Смаленкаў — малады дыпламат, які падаваў вялікія надзеі і які, як потым высветлілася, быў ультракаштоўным агентам ЦРУ. Смаленкаў некалькі гадоў адпраўляў у Лэнглі ўсе знешнепалітычныя дакументы проста са стала Пуціна. То-бок цяпер Ушакоў ужо другі раз дапусціў магутны пракол у сферы абароны інфармацыі. Пуцін памешаны на бяспецы, за такое можа і пусціць свайго памочніка на каўбасу.

Дарэчы, калі каму цікавы лёс Смаленкава: калі Трамп прыйшоў да ўлады, ён запатрабаваў ад кіраўніцтва ЦРУ неадкладна выдаць яму імя суперагента ў Крамлі. ЦРУшнікі спалохаліся, што ён здасць Смаленкава расіянам, і арганізавалі яго ўцёкі разам з усёй сям’ёй з Масквы праз Чарнагорыю ў ЗША. І толькі калі агент быў у бяспечным месцы, начальнікі ЦРУ раскрылі ягонае імя Трампу. Судзячы па новых уцечках, у Смаленкава ў (каля)Крамлі з’явіўся годны пераемнік. Выдатна!

Я думаю, што ў гэтай гісторыі з праслухоўкай Ушакова будуць надзвычай сур’ёзныя наступствы для Крэмля. Яна дэманструе, што нейкая не надта сяброўская Пуціну сіла атрымала доступ да тэлефона яго найважнейшага (важней за Лаўрова) памочніка па знешняй палітыцы. Што гэта за сіла — не вядома. Наколькі глыбока яна пранікла ў планы Крэмля — таксама не зразумела.

Відавочна толькі, што гэты «хтосьці» вельмі шмат ведае пра самыя далікатныя справы, сувязі і планы Пуціна. І не проста ведае, але і гатовы пазнаёміць з імі астатні свет. Хутчэй за ўсё, гэтых аўдыязапісаў — вельмі шмат, на любы густ. І яны могуць быць апублікаваныя (кім???) у любы момант, калі Пуцін паспрабуе дзесьці камусьці ў чымсьці схлусіць.

То-бок не вельмі зразумела, як Крамлю цяпер увогуле весці знешнепалітычныя справы. Напрыклад, дурыць Трампа далей становіцца зусім рызыкоўна: а раптам усплыве нейкая размова, дзе Ушакоў і Пуцін смяюцца з яго разумовых здольнасцяў?

Карацей, гэта вельмі сур’ёзны крызіс для Крэмля.

Іван Якавіна, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках