22 лiстапада 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыклад для Беларусі: як Фінляндыя ўвайшла ў НАТА

8
Прыклад для Беларусі: як Фінляндыя ўвайшла ў НАТА

Фіны хутка змянілі сваё меркаванне аб уступленні ў альянс.

Сайт Charter97.org працягвае публікацыю артыкулаў з кнігі "Беларусь у НАТА", выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны прафесарам з Фінляндыі Кары Люхто.

Шлях Фінляндыі ў НАТА значна даўжэйшы за рэальны працэс інтэграцыі нашай краіны ў альянс, таму прапаную вам сціслы гістарычны агляд паслядоўнасці гэтых падзей.

Савецкі Саюз не здолеў акупаваць Фінляндыю на працягу Другой сусветнай вайны, а пасля яе заканчэння Фінляндыя, насуперак прыкладу краін Балтыі, не стала часткай Савецкага Саюза. Але хоць яна і не была акупаваная, Фінляндыя заставалася ў сферы савецкіх інтарэсаў, у сувязі з чым нашай краіне, праз ціск СССР, давялося адмовіцца, акрамя ўсяго іншага, ад плана Маршала, прапанаванага ЗША.

Базай стасункаў паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам стала Пагадненне аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, або ЮЮА-Пагадненне, як яго называюць фіны. Яно таксама ўключала тэзіс аб палітыцы ў галіне бяспекі: Савецкаму Саюзу давалася магчымасць вайсковых кансультацый, калі б Фінляндыя паспрабавала выйсці са сферы савецкіх інтарэсаў. Падчас Вугорскага паўстання ў 1956 годзе і Пражскай Вясны ў 1968 годзе Фінляндыя была вельмі занепакоена тым, што хваляванні ў краінах-сатэлітах Савецкага Саюза ва Усходняй Еўропе могуць справакаваць жаданне Крамля пачаць вайсковыя кансультацыі з Фінляндыяй.

У дадатак да ЮЮА-Пагаднення СССР шукаў шляхі ўзмацнення залежнасці Фінляндыі ад Савецкага Саюза, падтрымліваючы, да прыкладу, кар'ернае развіццё ў Фінляндыі прасавецкіх палітыкаў і павялічваючы эканамічную залежнасць Фінляндыі ад Савецкага Саюза. Фінляндыя не была сябрам РЭУ (Рады эканамічнай узаемадапамогі) сацыялістычных дзяржаў, таму Савецкі Саюз імкнуўся павысіць залежнасць Фінляндыі, стварыўшы сістэму клірынгавых выплат праз пяць гадоў пасля Другой сусветнай вайны. Клірынгавы гандаль паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам грунтаваўся на абмене таварамі без выкарыстання канверсоўных валют, пільную нястачу якіх зазнаваў СССР.

Падчас міжнароднага нафтавага крызісу ў 1983 годзе доля СCCP у замежным гандлі Фінляндыі была самай высокай, складаючы яе чвэрць. Савецкі Саюз спрабаваў павялічыць залежнасць Фінляндыі, асабліва ў энэргазабеспячэнні. І напраўду, на яго прыпадала львіная доля фінскага імпарту энэрганосьбітаў.

Сама ж Фінляндыя дзейнічала так, каб савецкія мэты не былі дасягнутыя, і каб яна не патрапіла пад поўны кантроль Крамля. У 1956-1982 гадах прэзідэнтам краіны быў Урха Кеканэн. Ён з'яўляўся былым супрацоўнікам Etsiva Keskuspoliisi, таемнай паліцыі Фінляндыі, і ў якасці прэзідэнта краіны ўзяў кіраванне стасункаў з Савецкім Саюзам пад свой уласны кантроль, а таксама вызначыў, што аднымі з асноўных задач таемнай паліцыі з'яўляецца маніторынг і абмежаванне распаўсюджвання камунізму ў Фінляндыі.

Здалёку, магчыма, здавалася, што Фінляндыя зазнавала так званую "фінляндызацыю" і што Кеканэнам кіраваў Крэмль, але напраўду, маючы шчыльныя стасункі з Крамлём, ён імкнуўся падштурхоўваць Фінляндыю да Захаду з дапамогай супрацоўніцтва з Еўропай ды іншымі скандынаўскімі краінамі (сяброўства ў Паўночнай Радзе ў 1955 годзе, асацыяванае сяброўства ў Еўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю ў 1960 і поўнае сяброўства ў 1985 і пагадненне аб вольным гандлі з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю ў 1973 годзе) і шляхам умацавання аўтарытэту Фінляндыі на міжнароднай арэне, да прыкладу, пад эгідай Нарады аб бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ) ў 1970-х. Аналагічна, каб прадухіліць ператварэнне Фінляндыі ў яшчэ больш залежную ад энэрганосьбітаў краіну, было абмежаванае выкарыстанне газу ў хатніх гаспадарках, а значная частка перапрацаванай савецкай сырой нафты ішла на экспарт. І хоць Фінляндыя спрабавала перашкаджаць росту ўплыву Савецкага Саюза на паводзіны краіны, СССР набыў дастаткова моцны кантроль над палітычнай і эканамічнай элітамі Фінляндыі. Аднак Савецкі Саюз не здабыў поспеху ва ўплыве на кадравыя прызначэнні ў фінскіх сілах абароны і таемнай паліцыі. Выняткам з гэтага стаў перыяд, калі камуністы кіравалі таемнай паліцыяй у 1945-1948 гадах. Так званая Red Valpo (Чырвоная дзяржаўная паліцыя) была распушчаная ў 1949 годзе, і яе пераемнікам стала цяпер дзейная таемная паліцыя, Фінская служба бяспекі і выведкі (Suopo, а пазней Supo).1

Сітуацыя моцна змянілася на пачатку 1990-х. Клірынгавы гандаль паміж Фінляндыяй і Савецкім Саюзам нечакана закончыўся пад канец 1990 года, а годам пазней СССР быў распушчаны. Не раскідаўшыся, Савецкі Саюз, імаверна далей бы інтэграваў у сябе Фінляндыю палітычна і эканамічна, а апошняя, у сваю чаргу, рабіла б усё магчымае, каб абараніць сябе ад абдымкаў Крамля, якія б аслабілі нашу незалежнасць. Аднак раскіданне СССР змяніла сітуацыю. Пільнае вока Расеі аслабела, і Фінляндыя рушыла на Захад, да якога яна заўсёды належала культурна і гістарычна.

У 1992 годзе YYA-Пагадненне было скасаванае з узаемнай згоды Фінляндыі і Расеі. У тым жа годзе Фінляндыя далучылася да зноў утворанай Рады паўночнаатлантычнага супрацоўніцтва (РПАС). Яшчэ адным значным крокам стаў закуп на Захадзе тэхнікі для фінскіх сіл абароны, напрыклад, пастанова набыць у 1992 годзе знішчальнікі F-18 Hornet. Праз два гады Фінляндыя падпісала пагадненне з НАТА “Партнёрства дзеля міру”. Яна далучылася да Еўрапейскага Звязу ў 1995 годзе, адначасова з Аўстрыяй і Швецыяй.

Упершыню ў 1999 годзе ў фінскую ўрадавую праграму, у раздзел замежнай палітыкі і бяспекі, было ўключанае супрацоўніцтва з НАТА. Такое супрацоўніцтва прыняло наступныя формы: "Партнёрства дзеля міру", супрацоўніцтва ў галіне вайсковых вучэнняў, і дастасаванне фінскіх сіл абароны да стандартаў НАТА.

У 2007 годзе ва ўрадавую праграму Фінляндыі быў упершыню ўключаны тэзіс аб магчымым сяброўстве ў НАТА. Такая ж магчымасць стала часткай і наступных праграм урада. Фінляндыя далучылася да сіл хуткага рэагавання НАТА ў 2008 годзе, а ў 2014 падпісала з НАТА "пагадненне з прыймовай краінай", мэтай якіх стала спрыянне практычнаму супрацоўніцтву Фінляндыі і НАТА.

З 2015 года Фінляндыя ўдзельнічала, напрыклад, у аперацыі ў Афганістане, якую ўзначальвае НАТА. Але яшчэ важней, што фінскія сілы абароны пачалі перабудоўваць тэхніку і метады вядзення баявых аперацый для адпаведнасці стандартам НАТА. Без перабольшання можна сцвярджаць, што нават да ўваходжання Фінляндыі ў НАТА фінскія сілы абароны больш адпавядалі стандартам НАТА, чым узброеныя сілы паасобных краін, якія датуль ужо былі ўдзельнікамі альянсу.

Можа прагучаць іранічна, але бясспрэчным з'яўляецца той факт, што Фінляндыя ў выніку прыйшла ў НАТА не дзякуючы дзеянням палітычнай эліты краіны, а дзякуючы расейскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну і пачатку ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.

Вынікам гэтай агрэсіі стала тое, што народ Фінляндыі стаў падтрымліваць хуткае (раптоўнае) уступленне краіны ў НАТА, а яе парламент павярнуўся практычна аднадушна да падтрымкі сяброўства ў НАТА. Да гэтага ўварвання, а менавіта ў студзені 2022 года, НАТА падтрымлівала менш за 30% фінаў, нягледзячы на вайну ў Грузіі ў 2008 і пачатак вайны ва Украіне ўвесну 2014-га. Хуткасць змены выразна ілюструецца тым фактам, што ўжо ў траўні 2022-га тры чвэрці фінаў былі за сяброўства ў НАТА. У адпаведнасці з прынцыпамі дзейнай дэмакратыі прэзідэнт краіны Саўлі Нійнісцё прыняў грамадскую думку да ўвагі і пачаў працэс уступлення Фінляндыі ў НАТА.

Працэс уступлення Фінляндыі ў НАТА

17 траўня 2022 года: Прэзідэнт Фінляндскай Рэспублікі на прапанову ўрада прымае пастанову паінфармаваць Арганізацыю Паўночнаатлантычнага Трактату (NATO) аб зацікаўленасці Фінляндыі ўступіць у перамовы аб уваходжанні ў альянс.

18 траўня 2022: Дэкларацыя зацікаўленасці Фінляндыі ўступіць у НАТА перадаецца генеральнаму сакратару арганізацыі ў лісце, падпісаным міністрам замежных спраў.

29 чэрвеня 2022: У рамках саміту ў Мадрыдзе НАТА перадае запрашэнне Фінляндыі стаць яе сябрам.

4 ліпеня 2022: Прэзідэнт Рэспублікі прымае пастанову падаць НАТА пратакол аб намерах, які тычыцца ўступлення ў альянс і ахвоце выканання абавязкаў сябра арганізацыі.

5 ліпеня 2022: Усе краіны-сябры НАТА падпісваюць пратакол аб уступленні Фінляндыі, і яна становіцца сябрам НАТА ў статусе назіральніцы.

5 снежня 2022: Фінскі ўрад падае ў парламент прапанову аб уступленні Фінляндыі ў НАТА.

1 сакавіка 2023: Парламент ухваліў прапанову ўрада на ўступленне Фінляндыі ў НАТА.

23 сакавіка 2023: Прэзідэнт Фінляндскай Рэспублікі ўхваліў план уваходжання і праект закона аб уваходзе ў дзеянне Пагаднення аб далучэнні да НАТА.

30 сакавіка 2023: Усе краіны НАТА ратыфікавалі пратакол аб уступленні Фінляндыі.

4 красавіка 2023: Фінляндыя стала паўнапраўным сябрам НАТА.

У сакавіку 2023 у фінскім парламенце праходзіла галасаванне аб сяброўстве ў НАТА. Толькі сем з 200 яго чальцоў не падтрымалі ўступленне ў арганізацыю. Адзінымі асобамі, якія прагаласавалі супраць сяброўства Фінляндыі ў НАТА, сталі парламентарыі ад Левага Альянсу, пераемніка Камуністычнай партыі Фінляндыі і яшчэ аднаго чальца парламента.

На пачатку красавіка 2023 года адбыўся геапалітычна значны момант у гісторыі Фінляндыі. Краіна далучылася да НАТА, і такім чынам нарэшце змагла выслабаніцца з зашмаргі, накінутай Сталіным на шыю «Панны Фінляндыі».

Сяброўства Фінляндыі ў НАТА і санкцыі, звязаныя з уварваннем Расеі ва Украіну, мелі розныя наступствы для Фінляндыі і яе эканомікі.

Па-першае, абрынулася доля Расеі ў замежным гандлі Фінляндыі. У траўні 2023 года доля Расеі ў замежным гандлі Фінляндыі складала толькі 1%. Да пачатку вайны ва Украіне сітуацыя была іншай: у 2013 доля Расеі ў замежным гандлі была крыху меншая за 15%.

Па-другое, у тым жа месяцы, што Фінляндыя далучылася да НАТА, урад Расеі ўзяў пад свой кантроль энэргетычныя актывы фінскай кампаніі Фортум на сваёй тэрыторыі. Да нацыяналізацыі на долю апошняй прыпадала сама меней тры чвэрці вартасці ўсіх інвестыцый фінскіх кампаній у Расеі. На той перыяд вартасць актываў Фортум у Расеі складала 5-10 мільярдаў еўраў, у залежнасці ад метаду разліку.

Па-трэцяе, Расея закрыла консульствы Фінляндыі ў Петразаводску і Мурманску і сваё ўласнае консульства ў Лапііранце, да гэтага прыняўшы пастанову аб закрыцці фінскага генеральнага консульства ў Санкт-Пецярбургу ў кастрычніку 2023 года.

У якасці захадаў у адказ Фінляндыя плануе закрыць консульства Расеі ў Турку ў кастрычніку 2023 года. Існуе імавернасць таго, што Фінляндыя закрые расейскае консульства ў Марыегамне, на Аландскіх астравах, і магчыма нават выйдзе з Канвенцыі аб іх дэмілітарызацыі. Дапускаецца таксама, што на фінскай зямлі будуць стала размешчаныя замежныя войскі НАТА.

Калі Расея скарыстае ва Украіне ядзерную зброю, са сваёй тэрыторыі або з Беларусі, то Фінляндыі варта будзе набыць такую ж зброю разам з іншымі краінамі Скандынавіі і Балтыі, або нават самастойна. Не варта забываць, што стрымальны ядзерны патэнцыял НАТА шмат у чым грунтуецца на ядзернай зброі ЗША. У дадатак да яго, толькі Францыя і Вялікая Брытанія маюць свой уласны вайсковы ядзерны арсенал. Пры разглядзе стрымальных ядзерных сродкаў НАТА трэба памятаць, што ў лістападзе 2024 у ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары і што былы прэзідэнт Дональд Трамп мае супярэчлівае стаўленне да НАТА, прынамсі ў публічных выказваннях. Яшчэ адзін палітык-рэспубліканец, Рон ДэСантыс, у сваіх заявах таксама падкрэсліваў, што еўрапейскія краіны НАТА павінны браць адказнасць за бяспеку ў Еўропе. На ягоную думку, ЗША трэба факусавацца на стрымліванні росту ўплыву Кітая.

Сяброўства Фінляндыі ў НАТА несумненна падвышае бяспеку нашай краіны, бо наша суседка Расея праводзіць агрэсіўную палітыку, а пасля Пуціна яе замежная палітыка можа стаць яшчэ больш напружанай. Супольная з НАТА абарона ўзмацняе бяспеку Фінляндыі, але не гарантуе яе. З гэтай прычыны краіна мае далей рабіць інвестыцыі ва ўзброеныя сілы. На маю думку, выдаткаванне 2% унутранага брута-прадукту на абарону, як рэкамендуе НАТА, з'яўляецца недастатковым для Фінляндыі; замест гэтага яна павінна інвеставаць у абарону як мінімум 3% свайго УБП.3 У дадатак да дадатковых фінансавых унёскаў агульны вайсковы абавязак, канцэпцыя ўсёабдымнай бяспекі і дадатковыя інвестыцыі ва ўнутраную бяспеку з'яўляюцца істотна неабходнымі для абароны і бяспекі Фінляндыі.

Я вывучаю Расею больш за 30 гадоў, і я з радасцю канстатую, што ўступленне Фінляндыі ў ЕЗ у 1995 і ў НАТА ў 2023 з'яўляюцца самымі значнымі падзеямі за ўсю маю кар'еру. Краіна канчаткова і цалкам далучылася да супольнасці краін Захаду. Аднак гэта не азначае, што пагрозы з боку Расеі больш не існуе, але мы цяпер лепш падрыхтаваныя да будучыні. Пагроза з Усходу знікне тады, калі Крэмль зразумее, наколькі дэструкцыйная яго настальгія аб імперыі, як для сваёй краіны, так і для суседзяў.

Навука сяброўства Фінляндыі ў НАТА для іншых краін, якія імкнуцца ў НАТА: сяброўства ў НАТА ніколі не было ўнутранай вартасцю для Фінляндыі, а было спосабам адасаблення Фінляндыі ад сферы ўплыву Расеі і заканчэння яе заходняй інтэграцыі. Гэты працэс трываў на працягу ўсяго перыяду незалежнасці Фінляндыі, пачынаючы з раззбраення расейскіх войскаў на фінскай зямлі ў 1918 годзе, працягваючыся павольным далучэннем да заходніх арганізацый, што ўмацоўвала статус Фінляндыі ў міжнароднай палітыцы, і заканчваючы сяброўствам Фінляндыі ў НАТА ў красавіку 2023 года. Важным элементам працэсу ўступлення Фінляндыі ў НАТА з'яўляецца закуп заходняй зброі, які забяспечыў спалучальнасць Сіл абароны Фінляндыі з НАТА яшчэ да таго, як фактычнае сяброўства было рэалізаванае.

Яшчэ адзін адметны момант у тым, што Фінляндыя асцярожна прасоўвала сваё сяброўства ў НАТА, не выклікаючы канфлікту з Расеяй. Аднак, на маю думку, Фінляндыя мела ўступіць у НАТА ўжо ў 1999 годзе разам з краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы або найпазней у 2004 годзе, калі ў НАТА ўступілі краіны Балтыі. На жаль, тагачаснае кіраўніцтва Фінляндыі яшчэ не ўсведамляла, што Расея знаходзіцца на шляху да настальгіі аб імперыі ў форме дыктатуры.

Перадумовай бяспекі Фінляндыі і ўсёй Еўропы з'яўляецца дэмакратычнае развіццё дзяржаў-суседзяў Еўрапейскага Звязу. Я спадзяюся, што эліты Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу, Беларусі і Расеі разумеюць важнасць дэмакратыі, бо дыктатуры — гэта толькі квазіўстойлівыя дзяржавы. Усе дыктатуры рана або позна разбураюцца, выклікаючы нестабільнасць і, магчыма, нават ставячы пад пагрозу існаванне гэтых дзяржаў.

Я спадзяюся, што я яшчэ ўбачу на чале Расеі таго, хто шануе дэмакратыю і паважае фундаментальныя правы чалавека як у Расеі, так і за мяжой. Маё спадзяванне можа выявіцца марным, але яно патрэбнае для таго, каб мы, фіны, у будучыні не сутыкнуліся і не зазналі турбулентнасці, выкліканай Расеяй.

Заўвагі

1. Згодна з заканадаўствам аб спецыяльных службах 2019 года, Supo стала фінскай службай бяспекі і выведкі ў цывільных справах. Фінскія сілы абароны маюць сваё ўласнае падраздзяленне вайсковай выведкі.

2. Для параўнання: на Расею прыпадала 60% замежнага гандлю Беларусі, а ў пастаўках энэрганосьбітаў яна амаль цалкам абапіралася на Расею.

3. У 2022 годзе Расея выдаткоўвала афіцыйна больш за 4% свайго УБП на вайсковыя патрэбы. У рэчаіснасці гэтая лічба вышэйшая.

Кары Люхто атрымаў доктарскую ступень Універсітэ-та Глазга, Вялікая Брытанія, у 1997 годзе, і ступень доктара навук Школы эканомікі Турку, Фінляндыя ў 2000 годзе. Люхто быў намінаваны на пасаду штатнага прафесара міжнароднага бізнэсу ў Тэхналагічным універсітэце Лапээнранты ў 2000 годзе, быў дырэктарам Пан'еўрапейскага інстытута Універсітэта Турку з 2003 года і дырэктарам Фонду Centrum Balticum з 2011 года.

Прафесар Люхта браў удзел у некалькіх праектах, якія фінансуюцца Еўрапейскай камісіяй і некалькімі міністэрствамі Фінляндыі. Люхто з'яўляецца заснавальнікам і галоўным рэдактарам адной з вядучых сусветных дыскусійных платформаў, прысвечаных рэгіёну Балтыйскага мора, а менавіта агляду Baltic Rim Economies (BRE), які публікуецца штоквартальна з 2004 года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках