7 лiпеня 2020, aўторак, 15:38
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Народны карантын: зварот да грамадзян Беларусі

114
Народны карантын: зварот да грамадзян Беларусі
иллюстрационное фото

Карантын будзе дзейнічаць з 23 сакавіка да 5 красавіка.

Лідэры беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы выступілі са зваротам да грамадзян Беларусі. Даводзім яго тэкст поўнасцю:

«Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на жыццё». Тое ж асноўнае права замацавана ў артыкуле 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Толькі рэжым у Беларусі думае інакш. Падчас глабальнай успышкі каранавіруса (COVID-19), самай небяспечнай пандэміі 21 стагоддзя, улады робяць усё, каб у Беларусі распаўсюджванне гэтай хваробы прыняло некантраляваны характар, падстаўляючы пад смяротную небяспеку жыццё ўсіх без выключэння жыхароў нашай краіны.

Урад прадэманстраваў сваю поўную няздольнасць зрабіць адэкватныя захады для таго, каб супрацьстаяць імкліваму распаўсюджванню пандэміі ў Беларусі. Міністэрства аховы здароўя, міністэрства адукацыі, іншыя ўстановы выконваюць не свой прафесійны абавязак, а загады зверху, пазбаўляючы людзей дакладнай i рэгулярнай інфармацыі пра каранавірус і яго распаўсюд у Беларусі.

Улады як звычайна змагаюцца з народам, а не з пандэміяй, падстаўляючы людзей пад смяротную небяспеку. Заклікі не паддавацца паніцы з боку ўладаў хаваюць адсутнасць патрэбных сродкаў і абсталявання для барацьбы з гэтай страшнай хваробай. У Беларусі няма панікі, але яна абавязкова ўзнікне праз дзеянні афіцыйных органаў.

Праводзіць сёння заняткі ў ВНУ і школах - гэта злачынства. Ва ўсёй Еўропе навучальныя ўстановы закрытыя.

У гэтай найскладанейшай для людзей сітуацыі мы падтрымліваем усе грамадскія ініцыятывы ў супрацьстаянні эпідэміі і заклікаем да народнай мабілізацыі.

Мы прапануем ў перыяд з 23 сакавіка да 5 красавіка ўвесці Народны карантын, які ўключае наступныя захады:

- адмовіцца ад удзелу ва ўсялякіх масавых мерапрыемствах;

- не адпраўляць дзяцей у яслі, дзіцячыя садкі, школы ды іншыя навучальныя ўстановы;

- не наведваць універсітэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных устаноў увядзення дыстанцыйнага навучання;

- звесці свае сацыяльныя кантакты да мінімуму. У многіх краінах апраўданым падчас карантыну з'яўляецца выхад з дому толькі ў харчовую краму ці аптэку.

- забяспечыць самаізаляцыю і выкананне санітарных правілаў, праводзіць дбайную дэзінфекцыю месцаў пражывання, асабліва інтэрнатаў.

Мы можам і павінны самі паклапаціцца пра сябе, сваіх родных і блізкіх, надаць асаблівую ўвагу нашым пажылым сваякам.

Толькі салідарнасць грамадзян Беларусі і масавы Народны карантын могуць прымусіць улады ўвесці агульнадзяржаўны карантын на прыклад краін-суседзяў, які ўключае захады па сацыяльнай падтрымцы бацькоў падапечных дзяцей да 8 гадоў, адмысловай праграмы падтрымкі работнікаў і працадаўцаў усіх формаў уласнасці, а таксама эканомікі агулам.

Мы выказваем падтрымку ўсім, хто сёння прымае ўсе захады для таго, каб справіцца з каранавірусам у Беларусі. Мы просім сродкі масавай інфармацыі, блогераў і ўсіх грамадзян распаўсюдзіць гэта зварот.

Будзем разам, падтрымаем адзін аднаго!

Права на жыццё трэба абараняць сёння і заўсёды.

Жыве Беларусь!

Уладзімір Някляеў, паэт, старшыня руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі»

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Сцяпан Святлоў (NEXTA), блогер

Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

Мікалай Статкевіч, старшыня партыі «Народная грамада»

Генадзь Фядыніч, Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП)

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр»