25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыя Туронка ўзнагародзілі медалем БНР

Юрыя Туронка ўзнагародзілі медалем БНР
Фото: nn.by

Першае ўручэнне медалю да стагоддзя БНР адбылося ў Варшаўскім універсітэце.

18 лютага ў Варшаве сябар Рады БНР Аляксей Дзікавіцкі ўзнагародзіў медалём да стагоддзя Беларускае Народнае Рэспублікі Юрыя Туронка. Гэта адбылося ў Варшаўскім універсітэце на вечарыне памяці ў гонар выбітнага польска-беларускага гісторыка, перадае «Белсат».

Першае ўручэнне медалю да стагоддзя БНР адбылося ў Варшаўскім універсітэце падчас вечарыны памяці Юрыя Туронка

Імпрэзу зладзіла Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту і арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць».

Медаль быў перададзены Зінаідзе Туронак, удаве гісторыка.

Падчас сустрэчы навукоўцы прадставілі зборнік, прысвечаны 90-годдзю даследчыка. Яго планавалі прэзентаваць падчас юбілею Туронка ў красавіку – але не паспелі: у студзені Юрый Туронак пайшоў з жыцця.

«Ідэя зборніка была ў тым, каб ён ахопліваў тую праблематыку, якой займаўся Юрый Туронак, – распавёў падчас сустрэчы гісторык Юрый Грыбоўскі. – Калі мы пачыналі працу над праектам, ніхто не думаў, што гэта будзе пасмяротнае выданне. Гісторыкі – вельмі спецыфічная катэгорыя грамадства: іх трэба дысцыплінаваць, яны занятыя і не маюць часу. Але ў гэтым выпадку яны шпарка адгукнуліся на ініцыятыву і падтрымалі яе. Усе казалі, што мелі адчуванне, што бяруць удзел у нечым істотным і важным».

Зінаіда Туронак трымае медаль да стагоддзя БНР для Юрыя Туронка і выпіску з рашэння Рады БНР аб узнагароджанні

Падчас сустрэчы беларуска-польскі мастак Лявон Тарасэвіч прызнаўся, што менавіта Туронак падараваў яму кніжку, па якой ён вучыў беларускую мову – «Вершалінскі рай» Аляксея Карпюка.

«Я на гэтай кніжцы навучыўся чытаць па-беларуску, бо ў школе я яе не вывучаў. Да сямнаццатай старонкі цяжка было, а потым пайшло – і хацелася яшчэ чытаць, а кніжка ўжо скончылася, – прыгадвае Тарасэвіч. – У момант, калі спее пакаленне, ёсць чалавек, які дае веды. Туронак быў звяном паміж людзьмі ваеннага пакалення, якія з’ехалі ў эміграцыю, ды намі. Мы маглі сустракацца разам і гаварыць – нам усё было цікава».

Лявон Тарасэвіч, польскі мастак беларускага паходжання, прызнаўся, што вывучыў беларускую мову па падоранай яму Туронкам кнізе гарадзенскага пісьменніка Аляксея Карпюка

Юрый Туронак – польскі гісторык беларускай нацыянальнасці, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы. Эканаміст па адукацыі, ён займаўся даследаваннямі кан’юнктуры міжнароднага хімічнага рынку, працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе. У вольны ад працы час вывучаў у архівах гісторыю Беларусі.

У 1986-м абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». У 1993-м яна выйшла друкам і Беларусі – і стала бестселерам.

У 2009-м Антось Цялежнікаў пры падтрыманні Белсату зняў аднайменны дакументальны фільм у трох частках. Падчас вечарыны рэжысёр паказаў матэрыял, які не ўвайшоў у фінальную версію фільму.

«Пасля прэм’еры Туронак сказаў мне, што фільм нічым не адрозніваецца ад кнігі. Гэта была найлепшая ўзнагарода для мяне», – прыгадвае Цялежнікаў.

Зінаіда Туронак – пра Юрыя Туронка: «Удома мы размаўлялі з ім па-беларуску»

Медаль да стагоддзя БНР беларускі ўрад на эміграцыі ўручае «за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 года, у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Медаль да стагоддзя БНР у руках Зінаіды Туронак, удавы гісторыка

Згодна з дэкрэтам Рады БНР аб узнагароджанні медалём, Юрый Туронак быў 106-м лаўрэатам. Агулам цягам 2019 году ім узнагародзяць больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа.

«Медаль Туронку стала, фактычна, першай, якую мы ўручылі. Зараз адначасова па ўсім свеце – у Францыі, Бельгіі, ЗША і гэтак далей – мы ўзнагародзім 130 чалавек. У Польшчы ўручаць пяць медалёў. Звычайна лаўрэаты не ведаюць пра тое, што будуць узнагароджаныя – гэта сюрпрыз. Пра чарговага ўзнагароджанага стане вядома ўжо заўтра», – распавёў Аляксей Дзікавіцкі, сябра Рады БНР і намеснік дырэктару «Белсату».

Старонка Рады БНР падае, што медалі атрымаюць, між іншага, пісьменнік Уладзімер Арлоў, амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, акадэмік Радзім Гарэцкі, стваральнікі эталону дзяржаўнага гербу «Пагоня» Аляксей Марачкін і Леў Талбузін, галоўны рэдактар сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках