Алесь Марачкін: Моц «Хартыі'97» - у яе мабільнасці
2- 8.11.2017, 16:19
- 21,261
«Хартыя'97» аб'яднала яскравых і ініцыятыўных людзей.
10 лістапада 1997 года быў апублікаваны дакумент «Хартыя'97». Cтваральнікі ініцыятывы заклікалі беларускі народ да барацьбы за свае правы і свабоды, за аднаўленне дэмакратыі і законнасці ў краіне.
Дакумент падпісалі больш за сто вядомых беларускіх грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, журналістаў, дзеячаў культуры, сярод іх быў і вядомы беларускі мастак, адзін з заснавальнікаў аб'яднання «Пагоня» Алесь Марачкін.
Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю інтэрв'ю з людзьмі, якія 20 гадоў таму стваралі «Хартыю'97» і спытаў у Алеся Марачкіна, як усё пачыналася:
- Час ляціць надта хутка. Вядома ж, я памятаю 1997-ы год, той час, калі мы стваралі гэтую ініцыятыву. Вельмі шмат надзей было звязана з нашым пачынаннем. Свае подпісы пад дакументам паставілі сотні вядомых беларусаў: Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін. Мы выразна разумелі важнасць гэтай падзеі.
І вось, ведаеце, многія ініцыятывы, радыёстанцыі, інфармацыйныя рэсурсы, перастаюць існаваць, але «Хартыя'97» прадаўжае сваю барацьбу. Можна сказаць, што нашы надзеі і чаканні апраўдаліся.
- Вы сказалі, што «Хартыя'97» прадаўжае сваю барацьбу. На ваш погляд, у чым сакрэт яе даўгалецця?
- Я як мастак заўважыў адну цікавую рэч: караблі не павінны плыць пад рознымі вятрамі. Павінна быць тэндэнцыя. Будуць нязгодныя, будуць крытыкі, але «Хартыя'97» цвёрда стаіць на падмурку дэмакратычных і еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Хацелася б пажадаць усім вашым чытачам, усяму вашаму калектыву, які перажыў шмат пераследу і рэпрэсіяў. Тут хочацца ўспомніць і тое, што давялося перажыць галоўнай рэдактарцы сайта Наталлі Радзінай, пажадаць сіл у нашай нялёгкай барацьбе за свабодную Беларусь. Хацелася б пажадаць здароўя і поспехаў Андрэю Саннікаву. Хочацца ўспомніць і Змітра Бандарэнку, калі я чую імя гэтага чалавека, то я адразу ж узгадваю абарону Курапатаў у 2001 годзе, калі мужныя людзі клаліся пад трактары ў гэтым святым для беларусаў месцы.
Вы ведаеце, моц «Хартыі'97» - у яе мабільнасці. Яна аб'яднала яскравых і ініцыятыўных людзей, якія хутка рэагуюць на ўсё, што адбываецца ў Беларусі і свеце. Кожную раніцу я пачынаю з «Хартыі'97», «Беларускага партызана», «Нашай Нiвы» і «Радыё Свабода». Віншую нас усіх з гэтай знакавай датай.