У Беларусі на 5% даражэе бензін
65- 25.10.2017, 21:25
- 111,631
Паліва падаражэе ў ноч з 25 на 26 кастрычніка.
Як паведаміла АўтаГорадні правераная крыніца, у ноч з 25 на 26 кастрычніка ў Беларусі даражэе паліва. Усе папярэднія разы крыніца не памылялася, адзначае выданне. Вядома, што цэны падымаюцца на 5%.
Нагадаем, 28 верасня намеснік гендырэктара ВА «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў паведаміў, што ў канцэрна ёсць усе падставы для павышэння коштаў на паліва на 5%.
«Кошт барэля нафты на сусветных пляцоўках вырас да 59 даляраў за барэль. Сёння ў Беларусі бензін каштуе танней, чым у Расеі, якая здабывае ў шмат разоў больш нафты. Кан'юнктура рынку падштурхоўвае да таго, што цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі могуць падвысіцца», - казаў намеснік гендырэктара.
Дарэчы, апошні раз цана на паліва змянялася 6 траўня 2017 года. Тады кошт паліва вырасла на 1 капейку, і гэта стала пятым з пачатку года падаражаннем. Цяпер на запраўках аўтамабілісты могуць купіць паліва па такіх цэнах: AІ-92 - 1 рубель 17 капеек, АІ-95 - 1 рубель 25 капеек, АІ-98 - 1 рубель 36 капеек, і кошт дызеля ДТ-К5 - 1 рубель 29 капеек.