«Ляпісы» аб закрэсленых афішах: Нехта перастрахоўваецца, але гэта абсурд
12- 28.06.2011, 8:55
У Гомелі «Ляпісаў» і «Тараканаў» на афішах расейскага фестывалю выкрэслілі чорным маркерам.
У Гомелі з'явіліся афішы музычнага фэсту «Кубана», які пройдзе ў Расеі з 29 па 31 ліпеня. Сярод лічацца хэдлайнераў, якія прымаюць удзел у фестывалі, заяўленыя «Ляпіс Трубяцкой» і «Тараканы». Але назвы гуртоў старанна замазаныя чорным маркерам, перадае «Еўрарадыё».
Нагадаем, што абодва калектывы трапілі ў «чорны спіс» дзеячоў культуры і мастацтва, пасля чаго іхнія канцэрты былі адмененыч, а кампазіцыі перасталі гучаць у тэле- і радыёэфіры. Па словах дырэктара «Ляпісаў» Яўгена Калмыкова, гэтага можна было чакаць, бо назва калектыву адсутнічае і ў іншых беларускіх рэкламах фестывалю.
«Нехта перастрахоўваецца... Але гэта абсурд, бо на фэсце «Кубана» мы хэдлайнеры. У Маскве, напрыклад, мы ў рэкламных роліках на радыё прысутнічаем, а ў родным Менску ў радыёроліках нас няма. То бок, гэта перастрахоўкі і сумна пра гэта казаць», - сказаў Калмыкоў.
У агенцтве, якое распаўсюджвала афішы ў Гомелі, пацвердзілі, што «Ляпісы» і «Тараканы» сапраўды замазаныя на ўсіх постэрах. Але там адзначылі, што адцэнзураваныя афішы ім прыйшлі з Менска.
«Такую афішу нам перадаў замоўца. Гэта ж не мы асабіста робім. У такім выглядзе заказчык яе падаў, у такім выглядзе яна і размешчаная. Мы ж самі не вырабляем афішы, мы іх толькі размяшчаем», - кажа супрацоўніца агенцтва.
У кампаніі «Пламбір ТБ», якая вырабляла і распаўсюджвала афішы на тэрыторыі Беларусі, таксама сказалі, што нічога не закрэслівалі і нават не чулі пра гэта. Такім чынам, атрымалася, што па дарозе ад Менска да Гомеля на іх нехта старанна замалёўваў маркерам «чорнаспіскавыя» гурты. Але бліжэй да вечара ў Гомелі прайшоў дождж, і маркер змыла.