Супраць «Маладога фронту» узбуджаная новая крымінальная справа
6- 28.08.2008, 18:46
На кватэрах салігорскіх актывістаў арганізацыі “Малады фронт” Крысьціны Самойлавай і Івана Шылы адбыліся ператрусы.
Супрацоўнікі міліцыі паведамілі маладафронтаўцам, што праводзяць сьледчыя дзеяньні ў рамках крымінальнай справы, якую распачалі супраць актывістаў нібыта за падрыхтоўку масавых беспарадкаў.
Паплечнікі Івана і Крысьціны лічаць, што ўлады ініцыююць новы крымінальны перасьлед супраць актывістаў арганізацыі.
Арганізацыя “Малады Фронт” з’яўляецца адным з ініцыятараў байкота “парламенціх выбараў”.
Нагадаем, што ўчора сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў аб тым, што ў Беларусі «не забароненая агітацыя за байкот выбараў».
«Я бачыў налепкі, якія заклікаюць байкатаваць «парламенцкія выбары». Хай агітуюць», — сказаў Лазавік.
Відавочна, што словы сакратара ЦВК былі пустой дэкларацыяй. Рэпрэсіі супраць актывістаў апазыцыі, якія байкатуюць выбары, толькі ўзмацніліся.