7 лiстапада 2024, Чацвер, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбары» скончыліся, рэпрэсіі працягваюцца

1

Раённы суд Сьветлагорску пакараў буйнымі штрафамі ў памеры 1 мільён 400 тысячаў беларускіх рублёў адразу трох мясцовых дэмакратычных актывістаў – кіраўніка раённай арганізацыі Партыя камуністаў Беларуская Сьвятлану Міхальчанку, чальцоў Партыі БНФ Віктара Ахрамчука і Сяргея Шавяленку.

Такі вэрдыкт актывістам вынесла судзьдзя Ірына Алісейка, паведамляе “Радыё Свабода”.

“Ня ведаю, як там у сталіцы, а ў рэгіёнах сыстэма па-ранейшаму настроеная на рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Я працую сьлесарам у аб’яднаньні “Хімвалакно”, зарабляю на месяц 700 тысяч рублёў. Мне трэба два месяцы ня піць і ня есьці, каб выплаціць такі штраф”, – кажа Віктар Ахрамчук.

Як ужо паведамлялася, актывістаў міліцыя затрымала ў горадзе напярэдадні “парлямэнцкіх выбараў”. Усе яны ўваходзілі ў групу падтрымкі кандыдата ў “дэпутаты” ад АДС Сяргея Дайнэкі – былі ягонымі даверанымі асобамі. У іх канфіскавалі газэты “Товарищ”, а таксама малафарматныя выданьні “Выбар-08” і “Глоток воздуха”. Апрача гэтага, міліцыянты правялі ператрус на кватэры ў спадарыні Міхальчанкі.

Пасьля “выбараў” апазыцыянэраў выклікалі ў мясцовую пракуратуру, якая й накіравала адміністрацыйныя пратаколы ў суд. Усе трое вінавацяцца ў распаўсюдзе бюлетэняў “Выбар-08” без выходных зьвестак, а таксама ў абразе гонару і годнасьці высокіх дзяржаўных асобаў, якая нібыта ўтрымліваецца ў публікацыях бюлетэню “Глоток воздуха”.

Паказальна, што хадайніцтва адваката й абвінавачаных на правядзеньне экспэртызы зьместу публікацыяў судзьдзя Алісейка адхіліла.

Актывісты наважаныя абскардзіць пакараньне буйнымі штрафамі ў абласным судзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках