«Дзіця малюе, а думае, што гуляе на камп'ютары»
4- 4.09.2026, 14:35
Беларус стварыў у Польшчы віртуальны акварыум, які дапамагае адцягнуць дзяцей ад гаджэтаў.
Мікалай за два вечары зрабіў віртуальны акварыум: дзіця малюе рыбку на паперы, а пасля яна з'яўляецца на экране. Так праграміст хацеў адцягнуць сваіх дзяцей ад планшэта, але праект нечакана зацікавіў тысячы людзей — карыстальнікі ўжо загрузілі ў акварыумы каля 22 тыс. рыбак. Пра тое, як старая ідэя стала праектам, Мікалай распавёў выданню MOST.

Мікалай — праграміст з Беларусі. Пяць гадоў таму ён разам з сям'ёй пераехаў у Гданьск.
Мужчына ўзгадвае, што яшчэ 15–17 гадоў таму ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска, які тады толькі адкрыўся, убачыў, як дзеці малявалі малюнкі, якія затым змяшчалі перад камерай — і на экране з'яўлялася анімацыя.
Пазней з 3D-тэхналогіямі Мікалай працаваў ва ўніверсітэце. Падчас навучання ў магістратуры і аспірантуры ён з дапамогай старых гульнявых прыставак сканаваў фігуры людзей і здымаў меркі. Таму ідэі праектаў у яго даўно накапляліся, але на іх рэалізацыю патрабавалася занадта шмат рэсурсаў.
— Я разумеў, што магу гэта зрабіць, разумеў, як гэта зроблена тэхнічна. Але гэта вельмі доўга. Патрэбная каманда распрацоўшчыкаў — класічная дарагая распрацоўка, — кажа Мікалай.

«У мяне проста выбухае мозг»
Прыкладна ў верасні мінулага года Мікалай упершыню паспрабаваў ад пачатку да канца напісаць праграму з дапамогай нейрасеткі.
— Я спрабую — у мяне атрымліваецца, у мяне проста выбухае мозг. Я не веру таму, што адбываецца, — узгадвае Мікалай.
Пасля гэтага ён стаў усё часцей выкарыстоўваць нейрасеткі ў распрацоўцы. Яны дазвалялі эканоміць час, таму праграміст вярнуўся да ідэяў, якія раней адкладаў. Адной з іх стаў віртуальны акварыум.
Зрабіў для сваіх дзяцей — а праект нечакана «залётаў»
Акварыум Мікалай першапачаткова зрабіў для сваіх дзяцей — першая версія заняла ў яго літаральна два вечары. Адной з галоўных задач было адарваць дзяцей ад планшэта.
— На экране дзіця бачыць гульню, але гэта проста карцінка пустога акварыума. А каб там з'явілася рыбка, дзіця доўга малюе яе на паперы. Атрымліваецца, дзіця малюе, але думае, што гуляе на камп'ютары, — тлумачыць задуму Мікалай.

Затым мужчына апублікаваў ролік пра гульню ў Instagram на сваёй амаль пустой старонцы. Відэа набрала каля 80 тыс. праглядаў, а людзі пачалі пісаць, што таксама хочуць паспрабаваць. Тады Мікалай вырашыў адкрыць праект для ўсіх. Прыблізна за два тыдні ён дапрацаваў акварыум і пастараўся зрабіць яго максімальна простым.
— Я разумеў, што карыстацца будуць мамы, бабулі, не тэхнічныя спецыялісты. Таму прыбраў усё лішняе, пакінуў самыя простыя кнопкі: дадаць рыбку, пакарміць рыбку — і ўсё, — распавядае Мікалай.
Як працуе віртуальны акварыум
Каб гуляць, не трэба рэгістравацца. Карыстальнік заходзіць на сайт, стварае свой акварыум і атрымлівае ўнікальны код. Для фону можна выбраць гатовую выяву акварыума або загрузіць любую сваю, напрыклад фотаздымак.
Пасля гэтага ў акварыум можна дадаваць рыбак. Можна адразу запусціць гатовую рыбку або раздрукаваць размалёўку. Дзіця размалёўвае яе на паперы, дарослы фатаграфуе малюнак на тэлефон — і рыбка з'яўляецца ў віртуальным акварыуме.
Унутры контуру неабавязкова павінен быць малюнак. Туды можна змясціць фотаздымак: прыкладанне возьме тую частку выявы, якая апынецца ўнутры контуру, і перанясе яе на віртуальную рыбку. Так у акварыуме можа з'явіцца рыбка, напрыклад, з тварам чалавека.

22 тысячы рыбак і паведамленні з дзіцячых садкоў
На момант размовы MOST з Мікалаем карыстальнікі загрузілі ў акварыумы каля 22 тыс. рыбак. З іх прыблізна 14 тыс. — малюнкі, якія дзеці размалявалі самі.
— Мяне гэтыя лічбы, калі шчыра, у шок уводзяць, — кажа Мікалай.
Яму пачалі пісаць і супрацоўнікі дзіцячых садкоў. Яны пыталіся, ці можна скарыстацца акварыумам, у тым ліку да 1 верасня.

Акрамя таго, мужчына даведаўся, што праект выкарыстоўваюць сем'і, члены якіх жывуць далёка адзін ад аднаго. Напрыклад, бабулі і дзядулі адкрываюць акварыум у сябе, а дзеці малююць і дасылаюць ім рыбак.
Аднойчы Мікалаю напісала жанчына, якая працуе з дзецьмі, што жывуць у інтэрнаце.
— Мы ўдзень малявалі рыбак, запусцілі іх у акварыум. Пасля вячэры дзеці зноў папрасілі ўключыць акварыум — рыбак жа трэба пакарміць. А ўвечары ўзялі пледы, паляглі на канапу і замест вячэрняга мультфільма сачылі за сваімі рыбкамі, — паказвае Мікалай паведамленне ад яе.
«Адваротная сувязь — прыемнае адчуванне»
Праект некамерцыйны: Мікалай не збірае даныя карыстальнікаў, а код выклаў у адкрыты доступ. Акварыум ён падтрымлівае за свой кошт — сервер абыходзіцца прыблізна ў 25 еўра ў месяц.
Спыняцца на гэтым праекце Мікалай не плануе. У яго ёсць і іншыя ідэі гульняў, якія ён першапачаткова прыдумваў для сваіх дзяцей.
— Хутчэй за ўсё, буду працягваць іх публікаваць. Адваротная сувязь — прыемнае адчуванне. Калі я магу гэтым падзяліцца, чаму мне гэтага не зрабіць, — кажа ён.