Вучоныя раскрылі галоўную таямніцу карціны ван Гога «Зорная ноч»
2- 24.10.2026, 21:20
Што там адлюстравана.
«Зорная ноч» — адно з самых вядомых твораў мастацтва ў сучаснай гісторыі і адна з самых славутых карцін Вінсента ван Гога. Вучоныя з Паўднёвай Карэі сцвярджаюць, што ім удалося разгадаць галоўную загадку гэтай карціны.
Хаця многія вучоныя лічылі, што яна з’яўляецца плодам фантазіі мастака, даследаванне паказвае, што гэта не так. Гэта рэальнае начное неба, і вучоныя высветлілі, калі менавіта такое неба мог бачыць ван Гог. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Scientific Reports, піша FLScience.
Вучоныя правялі астранамічны аналіз карціны «Зорная ноч», вывучылі дакументы, што датычаць абставін жыцця мастака, а таксама прааналізавалі прыродныя і метэаралагічныя ўмовы, якія былі ў 1889 годзе, калі карціна была напісаная. Таксама даследнікі вывучылі лісты ван Гога, напісаныя ў тым жа годзе.

Як і меркавалася, на карціне адлюстраваныя Месяц, а таксама Венера, і яшчэ, як высветлілі вучоныя, там можна ўбачыць зорнае скапленне Гіяды. Насамрэч гэта рэальны выгляд начнога неба, які, як сцвярджае даследаванне, бачыў мастак, а потым перанёс на палатно.
Вучоныя лічаць, што на карціне «Зорная ноч» адлюстравана перадсвітанкавае неба, якое можна было бачыць 22 ліпеня 1889 года ў Сен-Рэмі-дэ-Праванс, то-бок у месцы, дзе ван Гог працаваў над гэтай карцінай.
У гэты дзень перад світанкам на небе можна было назіраць Месяц, Венеру і зорнае скапленне Гіяды менавіта ў тым выглядзе, у якім яны размешчаныя на карціне. Да таго ж фаза Месяца ў той момант была бліжэй да той, што адлюстраваная на карціне «Зорная ноч».

Метэаралагічныя зводкі таго часу таксама сведчаць, што ў тую ноч неба было ясным. Аднак даследнікі падкрэсліваюць, што карціна магла быць створаная на падставе назіранняў, зробленых мастаком цягам некалькіх начэй і аб’яднаных у адно палатно.
Даследнікі кажуць, што галоўнае ў іх навуковай працы — тое, што яны даказалі: карціна «Зорная ноч» заснаваная на рэальных назіраннях, а не з’яўляецца плодам фантазіі Вінсента ван Гога.