У Брэсце хочуць аднавіць гістарычны мост
2- 4.09.2026, 14:14
- 1,130
Ён павінен адкрыць шлях да беларускай тэрыторыі за Заходнім Бугам.
У Брэсце разглядаюць пытанне будаўніцтва моста на востраў Памежны. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.
Сяргей Лабадзінскі звярнуў увагу, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача — максімальна павялічыць аб’ём турыстычных паслуг. «Брэсцкая крэпасць у маштабах краіны — адзін з самых знакавых аб’ектаў, які карыстаецца вялікай цікавасцю ў турыстаў. Для многіх знаёма толькі цэнтральная частка, якая займае каля 70 га. Але сама крэпасць значна больш. Цяпер актыўна вядуцца работы на Кобрынскіх і Валынскіх умацаваннях. Аднак неабгрунтавана забыты востраў Памежны. Прапарацоўваем пытанне аб магчымасці задзейнічання і гэтай тэрыторыі ў якасці дадатковага турыстычнага маршруту», — расказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама.
Востраў Памежны — месца з гісторыяй. На яго тэрыторыі захавалася мноства фартыфікацыйных збудаванняў (парахавыя склепы, казарма, земляны вал з казематамі ўнутры). Прырода там у многім некранутая. Разглядаецца магчымасць узвядзення пешаходнага моста ад Цярэспальскіх варот Брэсцкай крэпасці.
«Гэта тэрыторыя — памежная зона. Ёсць паразуменне з Дзяржаўным памежным камітэтам наконт магчымасці перамяшчэння там арганізаваных турыстаў. У гэтым напрамку ў найбліжэйшы час будзем рухацца, — адзначыў Сяргей Лабадзінскі. — Ёсць чарцяжы. Апіраючыся на гістарычныя дакументы, думаю, атрымаецца ўзнавіць драўляны мост для перамяшчэння пешаходаў».
Брэсцкая крэпасць была пабудавана ў 1833–1842 гадах на чатырох астравах, утворанных рэкамі Мухавец і Заходні Буг, а таксама абвадным каналам. Для перамяшчэння тады пабудавалі чатыры масты. Найбольш арыгінальным і па канструкцыі, і па знешнім выглядзе быў вісячы драцяны мост каля Цярэспальскіх варот. Сярод іншага яго ўпрыгожвалі чыгунныя маскароны ў выглядзе галавы льва, дэкаратыўныя кампазіцыі на ваенную тэматыку (шлемы, шчыты і інш.).
«У 1995 годзе некалькі маскаронаў былі знойдзены падчас зямляных работ. Цяпер яны экспануюцца ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Вясной 2011 года праводзіліся археалагічныя даследаванні ў раёне Цярэспальскіх варот. Было сабрана і апрацавана 278 артэфактаў. Маюцца металічныя індывідуальныя знаходкі, сярод якіх выдзяляюцца літыя жалезныя дэкаратыўныя элементы моста праз раку Заходні Буг», — звярнуў увагу дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандр Каркотадзэ.
Мост ацалеў у ходзе гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені—ліпені 1941 года, аднак быў знішчаны гітлераўцамі пры адступленні з крэпасці ў ліпені 1944 года. З таго часу яго не аднаўлялі.