У Лошыцкім парку Мінска пачалася маштабная рэстаўрацыя
- 4.09.2026, 11:51
З руін адновяць старадаўні млын і капліцу XVIII стагоддзя.
Турыстычны патэнцыял Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу будзе пашыраны. У парку наспяваюць чарговыя абнаўленні: ужо пачалося аднаўленне адразу двух гістарычных пабудоў — старадаўняга млына і капліцы, што захаваліся да нашага часу ў разбураным стане.
Падрабязнасці пра ход работ паведамілі у «Мінскстроі».
Раней у парку была адноўлена гістарычная забудова XVIII–XIX стагоддзяў на вул. Чыжэўскіх, 17, і ў зав. Чыжэўскіх, 5 і 6. Рэканструкцыю выконвала СУ-19 трэста № 1, яно ж займаецца капліцай і млынам.

Да работ прыступілі на двух аб’ектах адначасова, адзначылі ў «Мінскстроі».
Цяпер будаўнікі ўзмацняюць фундаменты млына, арміруючы і бетануючы іх звонку і знутры. Далей чакаюцца гідраізаляцыя і зваротная засыпка.

Наступны этап — уладкаванне буронабіўных паль ва ўнутраным контуры будынка.
Агалілі фундаменты захаванага фрагмента капліцы і адкрылі фундаменты страчанай часткі будынка. Яны з бутавага каменю. Таксама яны будуць узмоцненыя звонку і знутры. Паралельна вядзецца падсыпка схілу і фарміраванне адхонаў — першапачаткова пляцоўка была не вельмі зручнай, цяпер — ужо лепш.

Разам з будаўнікамі працуюць і археолагі. Хоць час не пашкадаваў абодва аб’екты, ім хочуць вярнуць былы выгляд, таму наперадзе яшчэ шмат працы. Пры гэтым у будучыні адноўлены будынак плануюць выкарыстоўваць для розных мэт.
Як менавіта пераўтворацца аб’екты
Згодна з планамі млын будзе трохпавярховым з мансардай, а побач дададуць аднапавярховую прыбудову. Аднак галоўнай дэталлю стане сапраўдны працоўны млынарскі механізм — праз нейкі час там зноў будуць выпякаць.

Млыну вернуць і яго галоўную пазнавальную дэталь — водзяное кола. Яго ўсталююць у выкладзеным камянямі рэчышчы сухога ручая, дзе таксама абсталююць рэзервуар з вадой.

Унутры будынка размесцяцца музейна-экскурсійная зона, дэгустацыйныя, абедзенныя і банкетныя залы. Паблізу размесцяць летняе кафэ і сувенірны павільён.
Ад капліцы XVIII стагоддзя захаваліся толькі два адносна невялікія фрагменты сценаў паўночна-ўсходняга і ўсходняга фасадаў. Будынак будуць аднаўляць у цэгле, а адным з гістарычных арыенціраў стане акварэльны пейзаж Юзэфа Пешкі.

Капліцы хочуць вярнуць ранейшыя габарыты і архітэктурныя элементы, уключаючы гістарычную форму даху з трохвугольнымі франтонамі. Надалей унутры размесцяцца музейныя экспазіцыі.