Латвія заявіла пра гатоўнасць размясціць у сябе ядзерную зброю
1- 30.09.2026, 16:00
Прэзідэнт краіны назваў галоўную ўмову для такога рашэння.
Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў пра гатоўнасць размясціць на тэрыторыі Латвіі ядзерную зброю, калі НАТА прыме калектыўнае рашэнне і ўзнікне такая неабходнасць.
Заяву прэзідэнта Латвіі цытуе Delfi.
Рынкевічс пракаментаваў паведамленне пра тое, што Вялікабрытанія прапанавала ядзерную абарону краінам-удзельніцам Аб’яднаных экспедыцыйных сіл (JEF): дзяржавам Балтыі, Паўночнай Еўропы і Нідэрландам.
«Калі б не існавала ядзернай зброі, у Еўропе было б больш канвенцыйных войнаў», — сказаў ён.
Паводле Рынкевічса, канстытуцыя Латвіі не змяшчае забароны на размяшчэнне ядзернай зброі, у адрозненне ад Літвы.
Ён адзначыў, што ў 2003 годзе, калі Латвія рыхтавалася да ўступлення ў НАТА, кожная краіна-ўдзельніца запэўніла, што ў яе не будзе ніякіх абмежаванняў у дачыненні да рэалізацыі поўнага механізму калектыўнай бяспекі НАТА, уключаючы ўдзел у сістэме ядзернага стрымлівання.
«Калі ўзнікне такая неабходнасць і НАТА прыме такое калектыўнае рашэнне, у Латвіі будзе размешчана ядзерная зброя», — заявіў Рынкевічс.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што цяпер ніякія канкрэтныя перамовы аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Латвіі не вядуцца.