Робатызаваны наступ ЗСУ прымусіў Расію адступаць
- 30.09.2026, 13:21
- 1,086
Расійскія сілы былі заспетыя знянацку.
Украінскія сілы за апошнія месяцы змаглі вярнуць частку тэрыторыі на Ліманскім напрамку і запаволіць прасоўванне расійскіх войскаў на Данбасе. У аснове аперацыі, якая атрымала назву «Вівальдзі», ляжала шырокае выкарыстанне беспілотнікаў і наземных баявых робатаў, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
Украінскія вайскоўцы доўга трымалі падрабязнасці наступу ў таямніцы. Афіцыйна пра прасоўванне ўпершыню паведамілі 15 верасня. Кіеву ўдалося стварыць своеасаблівую электронную заслону, якая перашкаджала расійскім разведвальным дронам выяўляць перамяшчэнні ўкраінскіх падраздзяленняў.
Пасля гэтага буйныя беспілотнікі пачалі дастаўляць за расійскія лініі наземныя робатызаваныя платформы. Іх выкарыстоўвалі для ўстаноўкі кулямётаў, дастаўкі выбуховых рэчываў і нанясення удараў па пазіцыях расійскіх войскаў. Адначасова ўкраінскія дроны наносілі ўдары па маршрутах забеспячэння, складам боепрыпасаў і пунктам запуску беспілотнікаў.
«Расійскія сілы ў многіх выпадках былі заспетыя знянацку», — пішуць аўтары. Адзін з расійскіх вайскоўцаў у перахопленай размове не мог паверыць, што ўкраінскія робаты змаглі пранікнуць так далёка.
Робатызаваныя машыны выкарыстоўваліся і для размініравання. Гэта дазваляла рыхтаваць шляхі для наступу, не падвяргаючы дадатковай рызыцы ўкраінскіх вайскоўцаў. Такая тактыка асабліва важная на фоне сур'ёзнай нястачы асабовага складу ва Украіне.
Аперацыя таксама выявіла праблемы расійскай арміі з перадачай інфармацыі камандаванню. Расійскія камандзіры нярэдка завышаюць дадзеныя пра свае поспехі.
«Наступ не стаў вырашальным прарывам», — лічаць аўтары. Аднак, паводле іх ацэнкі, аперацыя «Вівальдзі» сур'ёзна парушыла расійскія планы па захопе Данбаса і прадэманстравала новыя магчымасці вядзення баявых дзеянняў ва ўмовах дамінавання беспілотнікаў.