Atlantic Council: Пуцін павінен сутыкнуцца з наступствамі гібрыдных атак
1- 30.09.2026, 12:46
- 1,014
У Еўропы ёсць усё неабходнае для гэтага.
Еўропе неабходная новая стратэгія супраць расійскай гібрыднай агрэсіі, якая дазволіла б не толькі рэагаваць на атакі, але і загадзя ствараць для Масквы адчувальныя наступствы, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
Цяперашняя еўрапейская палітыка ў асноўным зводзіцца да дзеянняў ужо пасля расійскіх атак. Пры гэтым рашэнні ЕС часта зацягваюцца з-за неабходнасці ўзгаднення паміж усімі краінамі аб'яднання.
Адным з магчымых рашэнняў аўтары называюць узмацненне еўрапейскай супрацьпаветранай абароны Украіны. Еўрапейскім краінам варта разгледзець пашырэнне ініцыятывы «Еўрапейскі нябесны шчыт» («European Sky Shield») на заходнія раёны Украіны.
«Лепш збіваць расійскія ракеты і беспілотнікі, пакуль яны знаходзяцца ва ўкраінскай паветранай прасторы», — раней заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі. Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш таксама казаў, што ў інтарэсах краіны падтрымліваць Украіну, каб ракеты перахопліваліся там і не дасягалі польскай тэрыторыі.
Яшчэ адным кірункам ціску эксперты называюць расійскі «ценявы флот», які выкарыстоўваецца для перавозкі нафты. Еўрапейскім краінам прапануюць больш актыўна затрымліваць суда без неабходнай страхоўкі або сертыфікатаў і вывучыць магчымасць іх канфіскацыі.
Акрамя таго, прапануецца ўзмацніць фінансавы ціск на Маскву за кошт замарожаных расійскіх актываў. Блакіроўка больш як $200 млрд рэзерваў Цэнтрабанка Расіі сама па сабе не змяніла паводзіны Крамля.
Пры гэтым падобныя меры звязаныя з сур'ёзнымі рызыкамі, уключаючы магчымую эскалацыю і наступствы для еўрапейскай фінансавай сістэмы.
«Сапраўдная стратэгія супраць гібрыдных пагроз павінна шукаць рычагі ціску на Расію і ператвараць іх у наступствы, якіх Крэмль сапраўды баіцца», — лічаць аўтары.