29 верасня 2026, aўторак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціск на Трампа ўзрастае

Ціск на Трампа ўзрастае
Дональд Трамп

Рэспубліканцы і дэмакраты патрабуюць ужорстчыць санкцыі супраць РФ.

Новая хваля расійскіх удараў па грамадзянскай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў падсілкоўвае двухпартыйныя заклікі ў Вашынгтоне да таго, каб прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выкарыстаў новыя шырокія санкцыйныя паўнамоцтвы супраць Масквы.

Заканадаўцы лічаць, што ўзмацненне эканамічнага ціску магло б умацаваць намаганні па заканчэнні вайны, піша «Радыё Свабода». «Прэзідэнт [ЗША] павінен дзейнічаць хутка, каб скарыстацца законапраектам аб санкцыях Грэма», — заявіў прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Дон Бэйкан.

Паводле яго слоў, Расія працягвае бамбіць гарады і мірных жыхароў, таму пераважная большасць амерыканцаў хочуць, каб Трамп «дзейнічаў ужо цяпер». Бо расійская эканоміка — «адзін з нашых рычагоў уплыву, і нам трэба гэтым скарыстацца». Як адзначае выданне, гэты заклік — частка двухпартыйнага, двухпалатнага ціску на амерыканскага лідара з мэтай прымусіць яго выкарыстаць «Закон Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расіі і Ірана 2026 года».

Ціск з боку Кангрэса

Сенатар-рэспубліканец Роджэр Уікер, які ўзначальвае камітэт па ўзброеных сілах, таксама заклікаў Трампа выкарыстоўваць эканамічныя інструменты, прадугледжаныя гэтым заканадаўствам, каб узмацніць ціск на крэмлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.

Уікер пахваліў намаганні Трампа па дасягненні ўрэгулявання шляхам перамоваў, але дадаў, што Вашынгтон павінен захоўваць «ясны погляд» на Пуціна: паводле яго слоў, Масква працягвала атакаваць Украіну, нягледзячы на дыпламатычныя намаганні. «Ён [Пуцін] кпіць з мірнага працэсу, але, магчыма, яго атрымаецца прымусіць ставіцца да яго больш сур’ёзна, калі пад пагрозай апынецца яго банкаўскі рахунак», — падкрэсліў сенатар.

Ён таксама адзначыў, што закон дае Трампу некалькі варыянтаў дзеянняў: увядзенне дадатковых фінансавых абмежаванняў у дачыненні да паплечнікаў Пуціна і кампаній, якія падтрымліваюць вытворчасць расійскай зброі; увядзенне санкцый супраць буйных пакупнікоў расійскай энергіі; а таксама ўздзеянне на так званы ценявы флот Расіі, які выкарыстоўваецца для абыходу існых абмежаванняў.

«Мір прыйдзе дзякуючы сіле ЗША і Украіны, а не праз добрую волю Пуціна», — адзначыў Уікер, заклікаўшы Трампа выкарыстоўваць новыя паўнамоцтвы «у поўнай меры». Дэмакраты, якія падтрымалі гэтае заканадаўства, таксама дамагаюцца яго рэалізацыі, надаючы асаблівую ўвагу скарачэнню даходаў ад энергарэсурсаў, што дапамагаюць фінансаваць расійскую вайну.

«Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за рэалізацыяй. Мы лічым важнай не толькі санкцыйную складовую, але і, як я ўжо сказала, перакрыццё даходаў», — заявіла сенатарка ад Дэмакратычнай партыі Джын Шахін. Паводле яе слоў, ціск павінен распаўсюджвацца не толькі на Расію, але і на краіны, што працягваюць закупляць расійскую энергію, — асабліва на Кітай.

Шахін таксама заклікала да дзеянняў супраць аперацый з удзелам ценявага флоту, падкрэсліўшы, што пакупнікі не павінны мець магчымасці набываць расійскую нафту і газ праз непразрыстыя гандлёвыя сеткі па зніжаных цэнах.

Куды прымяняць ціск

Выданне піша, што заканадаўства дае адміністрацыі некалькі патэнцыйных кірункаў для ўзмацнення эканамічнага ціску, але спецыялісты па санкцыях адзначаюць, што некаторыя з найбольш непасрэдных магчымасцяў звязаныя з мэтамі, якія дагэтуль пазбягалі абмежаванняў ЗША.

«Шмат якія з паўнамоцтваў, уведзеных гэтым законам, ужо былі ў распараджэнні прэзідэнта», — падкрэсліла кіраўніца Цэнтра эканамічнай і фінансавай магутнасці пры Фондзе абароны дэмакратый Элейн Дэзенскі. Аднак, паводле яе слоў, закон дасць дадатковы імпульс для перагляду спісу фізічных і юрыдычных асоб, якія могуць падпадаць пад санкцыі, але пакуль не былі ўключаныя ў спісы мэтаў.

Дэзенскі асобна ўказала на ценявы флот Расіі і замежныя кампаніі, уцягнутыя ў гандаль яе энергарэсурсамі: многія судны расійскага ценявага флоту застаюцца па-за санкцыямі. Тое самае датычыцца многіх кітайскіх пакупнікоў расійскай нафты і пастаўшчыкоў для расійскіх энергетычных інфраструктурных праектаў, што знаходзяцца пад санкцыямі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲