Расійскія «Шахеды» зноў масава заляталі ў Беларусь
- 22.09.2026, 15:28
Толькі за суткі зафіксавалі як мінімум сем парушэнняў паветранай прасторы.
На працягу сутак 21 верасня фіксаваліся шматлікія лакальныя парушэнні паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі падчас атак на Украіну, піша гомельскі партал «Флагшток» са спасылкай на ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Паводле даных Telegram-канала «еРадар» раніцай 21 верасня, каля 9:00, адразу чатыры БПЛА праляцелі праз Гомельшчыну, скараціўшы шлях праз выступ Брагінскага раёна ў напрамку зоны адчужэння.
Прыблізна а 9:30 яшчэ два дроны былі зафіксаваныя на тэрыторыі Беларусі ў зоне адчужэння. Верагодна, яны працягнулі палёт ўглыб краіны і ўжо а 9:55 знаходзіліся ў раёне Ельска і Хойнікаў.
Каля 12:10 адзін з іх вылецеў ва Украіну з боку Аўруча, а другі больш не фіксаваўся, удакладніў адміністратар канала «еРадар» у каментары «Флагштоку». Прыблізна ў той жа час на гэтым участку Гомельшчыны быў заўважаны пралёт ваеннай авіяцыі.
Увечары, прыкладна а 19:55, яшчэ адзін расійскі БПЛА рухаўся па тэрыторыі Беларусі ўздоўж мяжы з Жытомірскай вобласцю, пасля чаго вылецеў ва Украіну.
«Такім чынам, на працягу сутак 21 верасня было зафіксавана мінімум сем залётаў расійскіх ударных дронаў у Гомельскую вобласць. Да гэтага, 12–13 верасня, мінімум 10 БПЛА парушалі паветраную прастору Беларусі. Можна канстатаваць, што пасля зацішша (на працягу апошніх месяцаў фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі) колькасць залётаў расійскіх беспілотнікаў зноў павялічылася», — падсумоўвае выданне.
Журналісты адзначаюць, што паветраную прастору Беларусі парушаюць не рэактыўныя дроны, а класічныя «Шахеды» і «Герані».