22 верасня 2026, aўторак, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінску масажыст таемна здымаў аголеных кліентак

12
У Мінску масажыст таемна здымаў аголеных кліентак
ілюстрацыйнае фота

Ён хаваў гаджэт на паліцы.

Мінскі доктар Наталля Чайкоўская вырашыла схадзіць на масаж. Знайшла кабінет у зручным для сябе месцы — каля станцыі метро «Інстытут культуры», на трэцім паверсе Дома быту. Выбрала вольнае акенца ў масажыста Андрэя і прыйшла на сеанс.

А калі пачала распранацца ў пустым кабінеце, раптам заўважыла схаваны мабільны тэлефон. Ён ляжаў так, каб жанчына трапляла ў аб'ектыў камеры.

Доктар сфатаграфавала схаваны гаджэт, а потым пачала глядзець яго галерэю: «У кадры была я. Галая. Шок! Я выдаліла відэа са мной».

У галерэі мабільніка жанчына, паводле яе слоў, знайшла шмат відэа з папярэднімі кліенткамі — таксама галымі, якія таксама наўрад ці ведалі, што іх здымаюць.

Абураная доктар выдаліла сваё відэа і паклікала масажыста — размову з ім яна запісала, але самога Андрэя не відаць, чутны толькі голас.

Мужчына на запісе хвалюецца і не можа зразумела растлумачыць, навошта схаваў тэлефон з уключанай камерай. Потым выдае: «Ды не, гэта нейкая памылка». У голасе ўжо чуваць пэўную нервовасць.

Наталля запатрабавала выдаліць сваё відэа таксама з папкі «Нядаўна выдаленае». Андрэй не стаў спрачацца і зрабіў гэта.

Жанчына ў гэты момант абураецца: «Вось тут я, галая. Прыйшла на масаж, пераапранаюся. Вы збочэнец?!». Андрэй адказвае: «Не. Такога больш не паўторыцца».

Але Наталля не паверыла: «Паўторыцца! У вас будуць сур'ёзныя праблемы. Дарэмна вы гэта зрабілі».

Доктар напісала заяву ў міліцыю і спадзяецца, што ўдасца пакараць масажыста. Гісторыю яна апісала ў трэдах.

Юрыст, з якім паразмаўляла «Наша Ніва», адзначае, што Наталля дапусціла памылку, калі прымусіла масажыста выдаліць відэа з ёй. Прычым не толькі выдаліць, а цалкам вычысціць яго на тэлефоне. Даказаць, што відэа насамрэч было, будзе цяжка — асабліва калі масажыст будзе настойваць, што адбылася нейкая памылка, і насамрэч ён нічога не здымаў. Таксама ў яго застаўся час, каб выдаліць усе папярэднія відэа.

Паводле меркавання юрыста, калі масажыст будзе адмаўляцца да апошняга, то цалкам магчыма, што даказаць яго віну не ўдасца.

Што да юрыдычнай трактоўкі, то ў апісанай сітуацыі можа ісці гаворка як пра адміністратыўны пратакол за незаконны збор персанальных даных (з распаўсюдам або без, максімальны штраф — 9000 рублёў), так і пра крымінальную справу па ст. 203‑1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя»). Тут пакаранне (калі будзе даказаны распаўсюд) можа дасягаць трох гадоў калоніі.

Тым часам Наталля раіць жанчынам быць уважлівымі. «Калі вы ходзіце на масаж, то правярайце кабінет. Глядзіце на паліцы. На тэлефон. На любую тэхніку, якая здаецца вам дзіўнай. Ваша цела — гэта не кантэнт для чужога архіва», — напісала яна ў сацсетках.

Масажыст Андрэй, дарэчы, таксама аператыўна адрэагаваў на гэты канфлікт. Спачатку ён пачаў шукаць месца для пераезду і нават запусціў апытанне ў сваім інстаграме — ці зручна будзе кліентам прыязджаць на новы адрас.

Пасля таго, як Наталля апублікавала сітуацыю ў сацсетках, мужчына ўвогуле выдаліў свой працоўны інстаграм.

А вось што Андрэй раней распавядаў пра сябе ў пасту-знаёмстве: «Нарадзіўся і жыву ў Мінску. Мне крыху больш за 30 гадоў. Жанаты на цудоўнай Алене».

У каментары да Наталлі прыйшла псіхолаг Дыяна Курыловіч. Яна расказала, што Андрэй каля года таму прапаноўваў ёй бартар: яна ходзіць да яго на масаж, а ён да яе на псіхатэрапію. Дыяна адмовілася.

З'явіліся і іншыя людзі, якіх раней здзіўлялі паводзіны масажыста: «Я год таму запісала хлопца да яго і хацела пайсці сама, але ён падаўся мне занадта дзіўным і настырным. Я вырашыла не ісці, але хлопца адправіла. Пасля гэтага ён быў вельмі настырным і пісаў штодзень з нейкім новым пытаннем».

Нядаўна Андрэй шукаў мадэляў на бясплатны масаж. Сярод адметных патрабаванняў была вага да 65 кілаграмаў і ўзрост ад 18 да 40 гадоў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках