На захадзе Беларусі загудзяць сірэны
3- 21.09.2026, 12:44
- 1,500
Жыхароў папярэдзілі пра маштабныя вучэнні па эвакуацыі.
Жыхароў і гасцей Панямоння папярэдзілі, што на наступным тыдні ў рэгіёне будуць гучаць сірэны, перадае autogrodno.by.
У МНС таксама папрасілі сачыць за апавяшчэннямі сістэм бяспекі на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Паводле інфармацыі партала, 24 верасня ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, уключаючы абласны цэнтр, адбудзецца Адзіны дзень бяспекі. Тут прагучаць сірэны — гэта тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння.

«У Гродне цэнтральнай пляцоўкай мерапрыемстваў стане гандлёвы цэнтр «Фламінга» на вуліцы Вольгі Саламавай. Час правядзення мерапрыемства — з 11:00 да 14:00», — гаворыцца ў паведамленні.
Рэкамендуюць удакладняць, дзе пройдуць мерапрыемствы ў патрэбным раёне, на інтэрактыўнай карце МНС.
«Ключавая роля адведзена кіраўнікам устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Ім трэба будзе правесці трэніроўкі па эвакуацыі, праверыць гатоўнасць персаналу, спраўнасць сродкаў супрацьпажарнай абароны і даступнасць эвакуацыйных выхадаў», — адзначылі выратавальнікі.
Замацаваць атрыманыя веды заклікаюць на майстар-класах і трэніроўках на інтэрактыўных пляцоўках.