21 верасня 2026, панядзелак, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава скардзяцца на цяжкую «прастуду»

2
Беларусы масава скардзяцца на цяжкую «прастуду»

Лекары патлумачылі, які вірус цяпер асабліва актыўны.

«Горла баліць так, нібы яго наждачкай чысцілі», «пяты дзень кашаль, насмарк, сілаў няма», «падобна, хварэюць усе» – у беларускім Threads у верасні множацца пасты пра нейкую асабліва непрыемную прастуду.

Скаргі падобныя: моцны боль у горле, закладзены нос, кашаль, слабасць, часам тэмпература, галаўны боль і ламата. У адной з нітак Threads аўтар апісвае паслядоўнасць ад чхання і пачырванелага горла да ахрыпласці і сухога «лаючага» кашлю. У каментарыях пішуць, што хварэюць сям’ямі, класамі і калектывамі.

Даных пра новую невядомую інфекцыю няма. Ёсць звычайны для верасня пад’ём ВРВІ — праўда, некаторыя з іх прымушаюць хварэць зусім не «лёгка».

ВРВІ — гэта не назва канкрэтнай хваробы. Так называюць вялікую групу інфекцый: падобныя сімптомы могуць выклікаць больш за 200 розных вірусаў.

Цяпер у Беларусі выяўляюць парагрып, адэнавірусы, рынавірусы, РС-вірусы, бакавірусы, сезонныя каранавірусы і метапнеўмавірусы. Мінздароўя ацэньвае эпідэміялагічную сітуацыю як стабільную і характэрную для гэтага часу года.

У верасні наперад вырываюцца рынавірусы: паводле слоў інфекцыяністаў, цяпер на іх прыпадае больш за палову выяўленых выпадкаў рэспіраторных вірусных інфекцый.

Рынавірус — галоўны «герой» таго, што мы звычайна называем прастудай. Найчасцей ён паражае верхнія дыхальныя шляхі: адсюль закладзены або «цякучы» нос, пяршэнне і боль у горле, чханне, кашаль. Тэмпература можа быць нязначнай або адсутнічаць зусім. Пік цыркуляцыі рынавірусаў ва ўсім свеце часта прыпадае якраз на пачатак восені.

Адсюль і карціна з сацсетак ад занепакоеных людзей: «тэмпературы няма, а стан такі, нібы цягнік пераехаў».

Чаму ўсе захварэлі менавіта пасля 1 верасня?

Таму што такая карціна паўтараецца амаль штогод.

Дзеці вяртаюцца ў школы і дзіцячыя садкі, студэнты — у аўдыторыі, дарослыя — з адпачынкаў. Людзі зноў праводзяць гадзіны побач адзін з адным у закрытых памяшканнях. Надвор’е становіцца горшым, на вуліцы халадней, памяшканні праветрываюць радзей — перадавацца рэспіраторным вірусам прасцей.

Лекары адзначаюць рост гаспіталізацый з ВРВІ менавіта пасля пачатку навучальнага года. Пры гэтым у Беларусі ўжо рэгіструюць цяжкія формы і пнеўманіі. Выяўляюць у тым ліку Mycoplasma pneumoniae і Chlamydia pneumoniae — узбуджальнікаў так званых атыповых пнеўманій. Пры гэтым слова «атыповая» тут не азначае «новая невядомая зараза»: гэтыя інфекцыі даўно вядомыя лекарам.

А грып?

Ён, паводле даных лекараў, яшчэ наперадзе.

Актыўную цыркуляцыю грыпу традыцыйна чакаюць у канцы студзеня — пачатку лютага, хоць у сезоне 2026–2027 спецыялісты не выключаюць больш ранняга пад’ёму.

Таму вакцынацыя пачынаецца загадзя. Першыя партыі вакцыны супраць грыпу чакаюць у паліклініках у кастрычніку. У першую чаргу рабіць прышчэпкі рэкамендуюць дзецям, цяжарным, людзям старэйшым за 65 гадоў, пацыентам з хранічнымі захворваннямі і медыцынскім работнікам.

Пры гэтым прышчэпка ад грыпу не абараняе ад рынавіруса, адэнавіруса або РС-віруса: гэта розныя інфекцыі.

Калі пара не скроліць сацсеткі, а звяртацца да лекара?

Галоўная небяспека абмеркаванняў у сацсетках — не паніка, а самалячэнне. У каментарыях ужо раяць антыбіётыкі і розныя прэпараты па прынцыпе «мне дапамагло».

Важна, што антыбіётыкі супраць вірусаў не працуюць. А падобныя сімптомы могуць хаваць розныя інфекцыі.

Лекар Святаслаў Вельгін сярод прыкмет, пры якіх нельга зацягваць са зваротам па медыцынскую дапамогу, называў дыхавіцу, цяжкі кашаль, крывахарканне і выяўленае пагаршэнне стану. Пры такіх сімптомах можа спатрэбіцца абследаванне лёгкіх.

Дык што аднаго новага «страшнага віруса», які ў верасні пачаў касіць Беларусь, лекары пакуль не бачаць. Хутчэй мы назіраем штогадовы восеньскі сцэнар: дзясяткі рэспіраторных вірусаў атрымліваюць пасля канікул мільёны новых магчымасцяў для перадачы. А ў гэтым верасні, здаецца, прыкметную ролю адыгрываюць добра знаёмыя медыцыне рынавірусы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках