Навукоўцы: Балтыйскае мора будзе падымацца да канца стагоддзя
- 20.09.2026, 21:51
- 1,064
Польскае ўзбярэжжа чакаюць перамены ўжо ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Узровень Балтыйскага мора будзе сістэматычна павышацца на працягу ўсяго ХХІ стагоддзя. Эксперты Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК) і Польскай акадэміі навук прагназуюць, што польскае ўзбярэжжа ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі чакаюць сур'ёзныя перамены — ад узмоцненых штармавых нагонаў да рызыкі стойкіх падтапленняў у Віслінскіх Жулавах або Гданьску, і нават адсячэння Хельскага паўвострава.
NASA апублікавала карту з сімуляцыяй таго, як будзе падымацца ўзровень Балтыкі. Перш за ўсё варта патлумачыць, што, нягледзячы на доўгатэрміновую тэндэнцыю да росту, вада ў Балтыцы падвяргаецца моцным пагодным ваганням — напрыклад, на пачатку 2026 года быў зафіксаваны рэкордны спад узроўню мора (да 67 см ніжэй за норму), выкліканы моцнымі вятрамі, піша Trojmiasto.
Аднак гэта не супярэчыць агульнай тэндэнцыі павышэння ўзроўню вады ў маштабе дзесяцігоддзяў. Узровень Балтыйскага мора павышаецца прыкладна на 5,8 мм у год, і, згодна з прагнозамі навукоўцаў, у найбліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў жыхарам Памор’я давядзецца сутыкнуцца з нарастаючымі наступствамі змянення клімату.
Даклады Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК) і групы па пытаннях кліматычнага крызісу пры Польскай акадэміі навук адназначна паказваюць: узровень вады ў Балтыцы не перастане павышацца да канца стагоддзя.
На колькі падымецца ўзровень Балтыкі
У глабальным маштабе МГЭЗК прагназуе, што да 2100 года ўзровень мораў і акіянаў падымецца на 0,28–1,01 метра. Канчатковы вынік залежыць перадусім ад таго, наколькі хутка і ў якой ступені ўдасца скараціць выкіды парніковых газаў.
Для польскага ўчастка балтыйскага ўзбярэжжа прагнозы сведчаць пра адноснае павышэнне ўзроўню мора ў межах ад 0,3 да 0,7 метра да канца ХХІ стагоддзя. У найбольш змрочным сцэнары, які прадугледжвае захаванне высокіх выкідаў, вада можа падняцца больш чым на метр.
Пагроза для Гданьска і Віслінскіх Жулаў
Эксперты Польскай акадэміі навук звяртаюць увагу на іншы небяспечны аспект: рэзкі рост частаты і сілы небяспечных штармавых нагонаў. Гэтыя з’явы прывядуць да таго, што да канца бягучага стагоддзя гістарычны цэнтр Гданьска і найніжэйшыя раёны горада могуць сутыкацца з рэгулярнымі падтапленнямі.
Найбольш уразлівай тэрыторыяй на карце Польшчы застаюцца Віслінскія Жулавы. Значная частка гэтага рэгіёна — дэпрэсійныя землі, месцамі размешчаныя нават на 2 метры ніжэй за ўзровень мора.
У крайнім варыянце прагнозаў нізінная паласа, што цягнецца ад Гданьска да Эльблонга, можа быць затопленая назаўжды.
Ападанне грунту і пагроза для Хеля
Асаблівы выклік чакае і рэгіён Гданьскай затокі. Тут сітуацыю ўскладняе з’ява ападання грунту, якая ў спалучэнні з павышэннем узроўню вады дадаткова павялічвае рызыку затаплення і ўскладняе адвядзенне вод.
Трывожныя прагнозы датычацца і Хельскай касы, а таксама папулярных турыстычных курортаў. Спалучэнне больш высокага ўзроўню мора з мацнейшымі штормамі пагражае разрывам вузкай паласы сушы і адсячэннем Хельскага паўвострава ад мацерыка.
Паралельна будзе прагрэсаваць эрозія прыбярэжных кліфаў і разбурэнне турыстычнай і берагавой інфраструктуры.
На спецыяльных картах, апублікаваных NASA, можна прасачыць сімуляцыю таго, як узровень Балтыкі паўплывае, між іншым, на Польшчу.
Што цікава, можна праверыць не толькі прагнозаваныя сцэнарыі, але і тыя, што адносяцца да катэгорыі «навуковай фантастыкі» — калі ўзровень Балтыкі падымаецца на 60 метраў.