Прэзідэнт Літвы: Мы бачым Лукашэнку без ружовых акуляраў
5- 17.09.2026, 14:26
- 8,692
Ёсць яснае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі.
Нягледзячы на тое, што Вашынгтон працягвае дыялог з Мінскам і змякчае некаторыя санкцыі, беларускі рэжым не змяняецца. Літва падтрымлівае ўведзеныя Еўрасаюзам санкцыі на экспарт калійных угнаенняў. Пра гэта, як піша LRT, заявіў прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.
«У нас ёсць наша пазіцыя, мы яе задэкларавалі. У некаторых выпадках яна ўзгодненая з пазіцыяй ЕС. Аналагічная забарона на экспарт беларускіх угнаенняў дзейнічае на ўзроўні ЕС. Яе падоўжылі на 12 месяцаў, вернемся да гэтага пытання на пачатку наступнага года, калі Літва будзе старшынстваваць у Савеце ЕС», — сказаў Наўседа.
Прэзідэнт Літвы адзначыў, што не надзеў ружовыя акуляры і працягвае бачыць Лукашэнку «такім, якім ён ёсць», і што ў яго ёсць яснае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі.
«Мы хацелі б папярэдзіць ад прыраўноўвання пэўных гуманітарных поспехаў, дасягнутых выключна дзякуючы ціску ЗША, да больш шырокіх палітычных зменаў і зменаў у сферы бяспекі ў Беларусі. Нягледзячы на гуманітарныя жэсты, агульная сітуацыя з бяспекай застаецца практычна нязменнай», — заявіў ён.
Наўседа падкрэсліў, што ў Літву з Беларусі прылятаюць беспілотнікі, з гэтай краіны па-ранейшаму прыбываюць нелегальныя мігранты, а Мінск, між іншым, узмацняе ядзерную пагрозу на межах НАТА, бо плануе пашырэнне Астравецкай АЭС.
У той жа час прэзідэнт Літвы прывітаў вызваленне палітычных зняволеных і паабяцаў Злучаным Штатам усю магчымую дапамогу з боку Літвы.
«Літва працягне аказваць неабходную падтрымку гуманітарнай місіі ЗША і вызваленым палітычным зняволеным, каб яны маглі перасячы літоўска-беларускую дзяржаўную мяжу, і забяспечыць усю неабходную дапамогу», — заявіў Наўседа.