У Расіі разгараецца барацьба паміж тэхнакратамі і ФСБ
11- 15.09.2026, 19:01
- 10,044
Унутры дзяржавы ідзе «ціхая вайна».
Унутры расейскай улады ідзе схаваная барацьба паміж чыноўнікамі, якія развіваюць лічбавыя тэхналогіі, і ФСБ, якая аддае перавагу традыцыйным метадам кантролю над грамадствам, піша The New York Times са спасылкай на расейскага чыноўніка, які ўдзельнічае ў стварэнні лічбавай інфраструктуры краіны (пераклад — сайт Charter97.org).
Міністэрства лічбавага развіцця і іншыя тэхналагічныя ведамствы канфліктуюць з ФСБ, у прыватнасці з яе падраздзяленнем, якое адказвае за палітычны кантроль. Сілавікі выкарыстоўваюць створаныя дзяржавай лічбавыя інструменты, але самі не ўдзельнічалі ў іх распрацоўцы.
Пры гэтым ФСБ аддае перавагу старым метадам сачэння і ціску, нават калі дзеля гэтага даводзіцца адключаць або абмяжоўваць тэхналогіі, на якія дзяржава выдаткавала мільярды.
«Унутры дзяржавы ідзе ціхая вайна», — расказаў чыноўнік.
Прычына канфлікту не толькі ў розных падыходах да кантролю над грамадствам. Развіццё штучнага інтэлекту можа сур'ёзна змяніць працу расейскіх спецслужбаў. Многія функцыі, якія цяпер выконваюць тысячы супрацоўнікаў, у будучыні могуць узяць на сябе аўтаматызаваныя сістэмы.
«ФСБ зацікаўленая ў захаванні ўласнага апарату і ўплыву. Чым больш дзяржава абапіраецца на ШІ і лічбавыя сістэмы, тым меншая патрэба ў традыцыйнай працы сілавікоў», — пішуць аўтары.
У выніку дзве структуры фактычна спаборнічаюць за ўплыў на Пуціна. Крэмль патрабуе паскорыць развіццё штучнага інтэлекту і лічбавых платформаў, адначасова настойваючы на тэхналагічным суверэнітэце Расіі.
Крэмль хоча стварыць высокатэхналагічную дзяржаву, здольную кантраляваць грамадства з дапамогай ШІ, але сілавыя структуры баяцца, што тыя ж тэхналогіі паступова могуць зрабіць непатрэбнай частку іх уласнага апарату.