Фінляндыя далучылася да ініцыятывы Францыі па ядзерным стрымліванні
- 14.09.2026, 14:42
- 2,162
Усяго да прапанаванай Парыжам ініцыятывы далучыліся дзесяць краін.
Фінляндыя далучыцца да французскай ініцыятывы па ядзерным стрымліванні, накіраванай на ўмацаванне абароны Еўропы на фоне нарастаючай пагрозы з боку Расіі. Рашэнне Хельсінкі прадугледжвае ўдзел у абмеркаванні французскай ядзернай дактрыны, сумесных вучэннях і магчымасць часовага размяшчэння ваенных самалётаў Францыі на фінскай тэрыторыі, піша Bloomberg (пераклад — сайт Charter97.org).
Пры гэтым гаворка не ідзе пра размяшчэнне ў Фінляндыі французскай ядзернай зброі. Фінскі ўрад асобна падкрэслівае, што не плануе размяшчаць у сябе ядзерныя баегалоўкі.
У межах пагаднення Фінляндыя зможа ўдзельнічаць у вучэннях, звязаных з французскай стратэгіяй стрымлівання, у якасці назіральніка або задзейнічаючы ўласныя звычайныя ўзброеныя сілы. Дакумент таксама адкрывае магчымасць для часовага знаходжання французскай стратэгічнай авіяцыі ў краіне.
Фінляндыя зрабіла гэты крок праз некалькі месяцаў пасля адмены нацыянальнай забароны на ядзерную зброю. Краіна пры гэтым не збіраецца станавіцца ядзернай дзяржавай, аднак хоча цясней удзельнічаць у фармаванні еўрапейскай сістэмы бяспекі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступіў з ініцыятывай на фоне росту сумненняў у надзейнасці амерыканскіх гарантый бяспекі.
З улікам Фінляндыі ўсяго да прапанаванай Францыяй ініцыятывы далучыліся дзесяць краін. У сакавіку прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў пра ўдзел Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Нідэрландаў, Бельгіі, Грэцыі, Швецыі і Даніі. У маі да ініцыятывы далучылася Нарвегія. Макрон вылучыў ініцыятыву ў сакавіку 2026 года, назваўшы еўрапейскае вымярэнне французскага ядзернага стрымлівання «перадавым».
«Еўропе трэба больш браць на сябе як у звычайнай абароне, так і ў ядзерным стрымліванні», — заявіў міністр абароны Фінляндыі Анці Хяккянэн.
«Еўрапейскія краіны ўсё актыўней пераглядаюць падыход да бяспекі з-за няпэўнасці вакол доўгатэрміновых гарантый ЗША. Для Фінляндыі, якая мае працяглую мяжу з Расіяй, пытанне ўзмацнення еўрапейскага стрымлівання набывае асаблівую вагу», — піша Bloomberg.
Далучэнне Хельсінкі да ініцыятывы Парыжа паказвае, што еўрапейскія краіны гатовыя цясней супрацоўнічаць у сферы абароны, уключаючы ядзернае стрымліванне, не ствараючы пры гэтым уласных ядзерных арсеналаў.