«Аліменты на траіх дзяцей — 265 рублёў, а школьныя паборы ў верасні — 250»
1- 14.09.2026, 10:52
Новы навучальны год — старыя праблемы.
Беларуска, якая выхоўвае траіх дзяцей, паскардзілася на школьныя паборы.
«У школе я здала на патрэбы класа 50 рублёў, — піша ў Threads vikaminsk2026. — Патрабуюць яшчэ на шторы 50 рублёў. На дапаможнікі здала яшчэ 50 рублёў. Падарункі настаўнікам каля 50 рублёў. Разам: 200 рублёў толькі ў верасні!
Аліменты ўсяго 265 рублёў з беспрацоўнага таткі паводле закона. Беларусь, нармальна?»
Большасць карыстальнікаў растлумачыла, што ніхто не можа прымушаць бацькоў аддаваць грошы школе. Сайт Charter97.org прыводзіць некаторыя каментарыі:
- Мне здаецца, бацькам проста зручна пажаліцца, але нічога не рабіць, каб адстаяць сваё меркаванне. Мае ў 9 класе, і я сама вырашаю, што і колькі буду здаваць.
- Шторы ў школе нельга, санстанцыя не дазволіць і паводле пажарных нормаў. Узносы добраахвотныя. Адмаўляйцеся. Скажыце: няма грошай.
- Дык і не здавайце. Скажыце, што няма грошай — і ўсё. Што гэта за вечныя паборы з бацькоў?
- У фонд школы не здаю з прынцыпу. Фонд класа — 20 руб. Дапаможнікі купіў сам.
- Па факце грашовых пабораў у школе, якія забаронены заканадаўствам, адразу напішыце заяву ў пракуратуру вашага раёна. Калі будуць «валакіціць» — напішыце скаргу ў пракуратуру Мінска. Не лянуйцеся такое напісаць — педагогі збіраюць з класа, у якім мінімум 27–30 чалавек, па 50 руб.! Відаць, большая частка грошай пойдзе менавіта ў кішэню педагогаў.
- Школы ах…лі, далей — больш, бо бацькі справна плацяць. Такое адчуванне, што дзеці выпіваюць па літры вады за паўдня і бясконца мыюць рукі з мылам, у той час як дома нават зубы не чысцяць.