Малярка за год назбірала на аднапакаёўку ў Мінску і расказала, як у яе гэта атрымалася
44- 14.09.2026, 12:01
- 19,640
Ад рэакцыі каментатараў у яе быў шок.
Малярка з Мінска расказала ў TikTok, як за год зарабіла на кватэру ў сталіцы. Каментары некаторых людзей яе настолькі шакавалі, што на наступны дзень яна выклала відэа са словамі: «За што вы мяне ўсе ненавідзіце?»
Крысціна — малярка з Мінска. Жанчына ў разводзе, у яе двое дзяцей. Сёлета яна выйшла з дэкрэта на працу — на будоўлю. А нядаўна расказала на сваёй старонцы ў TikTok, што за год здолела зарабіць на кватэру ў сталіцы. Яе нерухомасць — гэта «найпрасцейшая» аднапакаёўка, набытая на другасным рынку, а не «наварочаная» новабудоўля ў «Мінск Мір», піша «Зеркало».
Дык як жа ёй удалося назбіраць патрэбную суму?
— Столькі розных каментароў было на гэты конт. Два асноўныя — што мне кватэру купілі бацькі або што мне яе падарыў былы муж пасля разводу, — кажа ў відэа жанчына. — Пачну з таго, што мае бацькі ўжо даўно памерлі, адышлі ў іншы свет.
Па яе словах, расла яна не ў вельмі дабрабытнай сям'і. Дом, у якім яна жыла ў дзяцінстве, застаўся ў вёсцы.
— Да яго я ніякага дачынення не маю, яго дзеляць сваякі, — прызналася ў відэа Крысціна. — Таму гэты варыянт адпадае.
Што да версіі з падарункам ад былога мужа, то яе аўтарка акаўнта таксама абвергла.
— На жаль, у майго мужа не было магчымасці пакінуць нам якое-небудзь жыллё. Але, думаю, калі б ён мог, ён бы гэта зрабіў, — падзялілася яна.
Адзінае, што набыла пара за дзевяць гадоў у шлюбе, — дачны ўчастак, без дому. Яны яго прадалі і падзялілі грошы напалову.
— Вось і ўсё. А кватэру я купіла самастойна, — адзначыла жанчына, сказаўшы, што ўзяла такую нерухомасць, на якую на той момант хапіла зберажэнняў. — Дзе зарабіла? Тут, у TikTok. Так, процьма бяссонных начэй, але яно таго варта.
Судзячы з яе слоў, зрабіць гэта атрымалася шмат у чым дзякуючы стрымам. На профіль жанчыны падпісана больш за 520 тысяч акаўнтаў.
За чатыры дні відэасповедзь Крысціны паглядзелі больш за 279 тысяч разоў. Пад ім больш за 300 каментароў. Нягледзячы на тое, што пад пастом нямала пазітыўных водгукаў, негатыву таксама хапала. У выніку жанчына запісала адказ хейтэрам.
— Каментары проста ўводзяць мяне ў шок. Аказваецца, мяне столькі людзей ненавідзіць, — кажа яна ў роліку, які выклала на наступны дзень. — А галоўнае пытанне: за што? Што я вам зрабіла? За што вы мяне ўсе ненавідзіце? Толькі таму, што ў мяне нешта атрымалася, а ў вас — не? А пры чым тут я? Шчыра, мне страшна выходзіць на вуліцу. Бо ўсе гэтыя людзі знаходзяцца вакол нас. І яны могуць ненавідзець цябе проста так, не ведаючы цябе.
Па яе словах, пасля публікацыі відэа пра кватэру на яе прамы эфір прыйшлі гледачы, якія пісалі абразы.
— Потым адпраўлялі скаргі ў TikTok, каб мой эфір заблакавалі. Вось вы разумееце? Проста таму, што чалавек зайздросціць. Будзьце хоць крышачку дабразычлівымі, можа быць, — звярнулася яна да людзей. — Я для вас — ніхто, вы для мяне таксама. Я вам нічога дрэннага не зрабіла. За што вы мяне ненавідзіце?