13 жнiўня 2026, Чацвер, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыпяць ператварылася ў «пляж»

7
Прыпяць ператварылася ў «пляж»

Эколагі растлумачылі, чаму рэкі на Палессі так моцна абмялелі.

На Прыпяці з-за нізкага ўзроўню вады агаліліся шырокія палосы пяску — незвычайныя кадры паказалі ў Threads. Эколагі тлумачаць абмяленне рэк у Брэсцкай вобласці дэфіцытам ападкаў, які працягваецца ўжо трэці год, — у гэтай з'явы ёсць свае рызыкі, піша «Зеркало».

Карыстальнік Threads выклаў некалькі відэа з Прыпяці, дзе відаць, што вада прыкметна адступіла ад берагавой лініі, пакінуўшы шырокія пясчаныя мелі.

«Палескія медытатыўныя замалёўкі. Катастрафічна нізкі ўзровень вады ў палескіх рэках агаліў пляжы неверагоднай прыгажосці. Белы пясок, разагрэты пякучым сонцам, нічым не горшы за любы марскі, а вада такой жа тэмпературы, як у басейне», — напісаў аўтар.

У Брэсцкім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пацвердзілі БелТА, што ў Брэсцкай вобласці, як і па ўсёй краіне, фіксуецца зніжэнне ўзроўню вады ў вадаёмах. Гэта звязана з прыроднымі фактарамі.

«Абмяленне з'яўляецца наступствам дэфіцыту ападкаў, які назіраецца трэці год запар. У асобных раёнах абмялелі не толькі рэкі і азёры, але і калодзежы. Дэфіцыт назіраецца на працягу ўсяго 2026 года», — патлумачылі ў камітэце.

Небяспеку могуць уяўляць і моцныя ліўні ў летні перыяд: пры высокіх тэмпературах паветра перагрэтая вада з высокім утрыманнем арганічных рэчываў, залпава паступаючы ў вадаёмы з поймавых тэрыторый, можа выклікаць гібель рыбы.

Асабліва прыкметнае зніжэнне ўзроўню вады на рэках Прыпяць і Ясельда, у буйных вадасховішчах, якія выкарыстоўваюцца для напаўнення рыбаразводных сажалак рыбгасаў.

«На вадацёках, што ўваходзяць у сістэму Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, узровень вады падтрымліваецца штучна — з дапамогай шлюзаў, каб забяспечыць суднаходства. Аднак нават пры рэгуляванні праточнасць застаецца нізкай, што прыводзіць да цвіцення вады і актыўнага развіцця водарасцей», — удакладнілі ў ведамстве.

Спецыялісты падкрэсліваюць: у цяперашніх умовах спробы паглыбіць сажалку або расчысціць дно не вырашаць праблему — калі парушыць воданепранікальны пласт на дне вадаёма пры нізкім узроўні падземных вод, астатняя вада можа хутка сысьці. Умяшанне можа толькі пагоршыць сітуацыю.

Тым часам людзі скардзяцца на тое, што вада адступае ад берагоў, цвіце, а ў некаторых сажалках і калодзежах яе становіцца крытычна мала.

«Гэта не экалагічная катастрофа, а прыродны працэс, на які могуць паўплываць выключна пагодныя ўмовы. Падобная сітуацыя назіраецца ў многіх краінах Еўропы. Значна прадухіліць абмяленне ва ўмовах дэфіцыту ападкаў немагчыма. Спецыялісты ажыццяўляюць маніторынг водных аб'ектаў, у выпадку неабходнасці прымаюць меры па прадухіленні заморных з'яў», — падсумавалі ў камітэце.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках