У Італіі адбыўся выбух на зброевым заводзе
2- 13.08.2026, 22:15
- 1,648
На ім выраблялі зброю для Украіны.
У італьянскім горадзе Коллеферро недалёка ад Рыма адбыўся магутны выбух на заводзе KNDS Ammo Italy, які вырабляе боепрыпасы для сухапутных і ваенна-марскіх сіл. Пра гэта ў чацвер, 13 жніўня, паведамляе агенцтва Reuters.
Кампанія пастаўляе зброю ў тым ліку і Украіне. Паводле папярэдніх звестак, выбух адбыўся ў цэху прэсавання пораху. Незадоўга да гэтага на заводзе ўзнік пажар, які прыехалі тушыць пажарныя ў суправаджэнні паліцыі.
Як удакладняе газета Corriere della Sera, паведамленняў пра пацярпелых або зніклых без вестак пакуль не паступала. Мэр горада Джуліо Каламіта паведаміў журналістам, што падчас інцыдэнту на заводзе амаль нікога не было.
KNDS Ammo Italy — частка франка-нямецкага абароннага канцэрна. Паводле даных самой кампаніі, больш за сотню яе баявых сістэм цяпер знаходзяцца на ўзбраенні Узброеных Сіл Украіны (ЗСУ). Ва Украіне працуе даччыная фірма KNDS Ukraine, якая рамантуе і абслугоўвае тэхніку кангламерата, вырабляе запасныя часткі і артылерыйскія снарады.
Гэта другі падобны інцыдэнт за апошні тыдзень, нагадвае «Нямецкая хваля». У панядзелак, 10 жніўня, на тэрыторыі прадпрыемства EMCO каля вёскі Бяліца ў Балгарыі таксама адбыўся пажар. Пасля ўзгарання грузавіка агонь распаўсюдзіўся на склад баепрыпасаў, пасля чаго пачалася дэтанацыя. Кампанія пастаўляла снарады і ўзбраенне Украіне з 2014 года. Пра пацярпелых не паведамлялася. На аб'ектах EMCO ужо адбываліся выбухі ў 2022 і 2023 гадах.