Стала вядома, якога генерала таемна хавалі ў Маскве пасля выбуху ў рэстаране Balzi Rossi
23- 6.08.2026, 15:06
- 33,366
У 2022 годзе ён прыязджаў у Мінск.
Вядомы тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ», які раней паведамляў пра таемнае пахаванне генерала расійскай арміі на Траекураўскіх могілках у Маскве пасля выбуху ў рэстаране Balzi Rossi, даведаўся яго імя і прозвішча. Паводле звестак тэлеграм-канала быў пахаваны 53‑гадовы Ігар Ерусалімоў.
Развітанне з генералам адбывалася 4 жніўня не ў публічным месцы, а ў яго кватэры на вуліцы Авіятараў. Яно працягвалася да 21:00, а пахаванне прызначылі на 10:00 наступнага дня.

Вядома, што раней Ерусалімоў быў начальнікам аператыўнага ўпраўлення Заходняй ваеннай акругі — намеснікам начальніка штаба Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, і ў гэтай якасці ў лістападзе 2022 года прыязджаў у Мінск на канферэнцыю «Развіццё, падрыхтоўка і прымяненне сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы».
Званне генерал-лейтэнанта Ігар Ерусалімоў атрымаў крыху больш за год таму, у маі 2025 года, а да таго з лютага 2022‑га быў генерал-маёрам. У 2024 годзе згадваўся ў расійскім рэестры як першы намеснік начальніка штаба Маскоўскай ваеннай акругі.
Мяркуецца, што загінулы мог быць сябрам галоўнакамандуючага Паветрана-касмічных сіл Расіі генерала Аляксандра Чайкі і прысутнічаў на святкаванні яго 55‑годдзя ў рэстаране Balzi Rossi.
Выбух у рэстаране Balzi Rossi ў Маскве адбыўся вечарам 1 жніўня. Спачатку паведамлялася, што прычынай магла быць уцечка газу, але пазней Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расіі заявіў, што ў рэстаране спрацавала выбуховае прыстасаванне, якое жанчына спрабавала пранесці пад выглядам падарунка.
У выніку выбуху загінулі пяцёра чалавек, яшчэ не менш як 19 атрымалі параненні.
Магчымай мэтай нападу мог быць сам генерал Аляксандр Чайка, які датычны да ваенных злачынстваў у Бучы. Яго стан пасля выбуху невядомы. Паведамляецца, што падчас інцыдэнту загінуў яго зяць Данііл Перадрый, а 25‑гадовая дачка Марыя Чайка магла атрымаць параненні.