The Atlantic: Зяленскаму прапаноўвалі атакаваць аэрапорты Масквы тысячамі дронаў
18- 21.08.2026, 11:14
- 12,738
Ваенная аперацыя мела назву M&Ms.
Напачатку 2026 года ўкраінскія чыноўнікі звярнуліся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з «рызыкоўным планам» па спыненні вайны. Ён прадугледжваў правядзенне маштабнай аперацыі з выкарыстаннем тысяч дронаў са штучным інтэлектам супраць маскоўскіх аэрапортаў.
Гэта ваенная аперацыя мела назву M&Ms і была скіраваная на тое, каб ізаляваць расійскую эліту і прымусіць дыктатара Уладзіміра Пуціна пайсці на перамовы аб перамір’і. Аднак у выніку яе прыпынілі, піша выданне The Atlantic.
Падрабязнасці аперацыі
Адзначаецца, што для правядзення аперацыі M&Ms трэба было пашырыць кампанію бамбаванняў, уключыўшы ў яе цэлы пералік мэтаў і відаў узбраення, якіх яны доўгі час пазбягалі. Акрамя ўдараў па нафтаперапрацоўчых заводах РФ і іншых аб’ектах, планавалася запусціць хвалі дронаў са штучным інтэлектам на маскоўскія аэрапорты.
Крыніцы, дасведчаныя ў гэтым пытанні, паведамілі, што такім чынам планавалася прыпыніць міжнародныя авіяперавозкі ў Маскву і з Масквы.
«У выпадку рэалізацыі гэты план стаў бы жахлівай вяхой у гісторыі вайсковай справы: атакай, падчас якой роі аўтаномных дронаў, абсталяваныя сістэмамі навядзення на базе штучнага інтэлекту, выяўлялі б і паражалі свае мэты без удзелу пілота, які кіраваў бы іх рухамі», — гаворыцца ў публікацыі.
Выданне адзначае, што такія сістэмы выпрабоўваліся рознымі краінамі ў апошнія гады. У прыватнасці, у ЗША тэставалі падобныя сістэмы, аднак гэта стала прадметам бурных дыскусій аб магчымым парушэнні законаў вайны. Таму іх ніколі не выкарыстоўвалі ў шырокіх маштабах.
Зяленскі выказаў занепакоенасць у сувязі з аперацыяй
Зімой гэты план дзеянняў быў прадстаўлены прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Аднак ён выказаў сур’ёзную занепакоенасць наконт гэтага плана.
Крыніцы паведамілі, што лідар баяўся, што такія дзеянні могуць быць расцэненыя як «пірацтва», бо дроны могуць паразіць грамадзянскі самалёт, у выніку чаго могуць пацярпець або загінуць пасажыры, супрацоўнікі аэрапорта або члены экіпажа. Аднак у спробах знайсці спосаб паўплываць на Крэмль Зяленскі даў дазвол на працяг падрыхтоўкі аперацыі.
Прэс-сакратар Зяленскага адмовіўся каментаваць гэтае пытанне. Іншы прадстаўнік каманды прэзідэнта абверг падобныя планы, заявіўшы, што гэта «лухта». Ён таксама растлумачыў, што ў Украіны няма неабходнай зброі для правядзення такіх аперацый.