«Прапагандзе невыносна прызнаваць, што пенсія ў Польшчы ў тры разы вышэйшая, чым у Беларусі»
18- 21.08.2026, 15:48
- 11,264
Выправім гэтае ўпушчэнне.
Праўладная Федэрацыя прафсаюзаў выдала новую порцыю «разаблачэнняў» цяжкага жыцця, якое чакае ў будучыні грамадзян цяпер недружалюбнай да рэжыму суседняй краіны.
Лідар незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у каментарыі «Салідарнасці».
Як паведамляе сайт ФПБ, згодна з прагнозамі Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS) Польшчы, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі (!) пенсіі палякаў будуць няўхільна змяншацца: у 2027 годзе сярэдняя пенсія складзе 54,1% ад сярэдняга заробку, у 2030 годзе – 52,1%, у 2040 годзе – 43%, у 2050 годзе – 34,4%, а ў 2080 годзе – страшна ўявіць – 24,5%!
Ну калі прапагандысты з праўладнага прафсаюза і вырашылі каго-небудзь уразіць апошняй лічбай, то яўна не жыхароў Мінска, дзе, паводле даных Белстата, суадносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняга заробку ўжо цяпер складаюць каля 26%.
У іншых рэгіёнах гэты паказчык вагаецца ад крыху больш як 33,5% у Мінскай вобласці да 40% у Магілёўскай.
Каментуючы «Салідарнасці» сітуацыю «у чужым воку саломінку бачым, а ў сваім бервяна не заўважаем», старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, сябра Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы Аляксандр Ярашук задаецца пытаннем: каго з нармальных людзей у нашай краіне цікавіць, што будзе адбывацца з пенсіямі ў Польшчы праз больш як 50 гадоў?
– Польшча з пачатку 90-х, з моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі, была для яго пастаянным аб’ектам асуджэння. Глядзіце, маўляў, да чаго прывяла шокавая тэрапія.
Але ўжо да пачатку нулявых насмешак з боку прапаганды значна паменела. Польшча імкліва пайшла ў адрыў. І сёння гэта адна з краін, якія развіваюцца найбольш дынамічна, якая ўвайшла ў лік 20 найбуйнейшых сусветных эканомік. Дзе сёння знаходзіцца Беларусь з яе камандна-адміністрацыйнай эканомікай — сціпла прамаўчым.
32 гады таму стартовыя магчымасці абедзвюх краін былі прыкладна аднолькавыя. А цяпер прапагандзе невыносна прызнаваць красамоўны факт, што сярэдні заробак у Польшчы ў 2,5 раза вышэйшы, чым у Беларусі, а пенсія — у 3 разы.
Пазбягаючы якіх бы там ні было лічбаў для параўнання, прапагандысты — а СМІ ФПБ іх неад’емная частка — пачынаюць дакалупвацца і цягнуць саву на глобус, паведамляючы, што ў будучыні палякаў чакае сумнае становішча. Пры гэтым яны ахвотна разважаюць пра тое, як знізіцца пенсія ў суседзяў да 2080 года, але не называюць яе памер сёння.
Выправім гэтае ўпушчэнне:
4325 злотых, або 1169 долараў, — складае сярэдняя пенсія ў Польшчы.