Шры-ланкійка затрымалася ў Беларусі з-за каранавірусу і ўжо шэсць гадоў тут жыве
27- 20.08.2026, 20:00
- 17,648
Беларуская сталіца была перавалачным пунктам на яе маршруце на вучобу ў Італію.
У 2019 годзе шры-ланкійка Нія нават не ведала пра існаванне такой краіны, як Беларусь. Дзяўчына збіралася вучыцца ў Італіі, але ўсе планы перакрэсліў COVID-19. Наша краіна была адзінай, дзе не ўводзілі антыкавідныя абмежаванні. Так Нія апынулася ў Мінску, пасля, каб не губляць час, паступіла ў Гродзенскі ўніверсітэт і, відаць, затрымалася ў Беларусі ўжо надоўга. «Зеркало» распавядае яе незвычайную гісторыю.
Па нацыянальнасці шры-ланкійка, Нія нарадзілася і вырасла ў Дубаі. Пераезд у нашу краіну ніколі не ўваходзіў у яе планы, — дзялілася яна:
— Больш за тое… Я нават не ведала, што існуе Беларусь.
Пра тое, што такая краіна існуе, Нія даведалася за 48 гадзін да вылету ў Мінск. Беларуская сталіца была перавалачным пунктам на яе маршруце на вучобу ў Італію.

— Мой першапачатковы план быў зусім іншым: прыехаць усяго на адзін месяц, а потым паляцець у Італію і пачаць вучобу ва ўніверсітэце, — распавядала Нія. — Але тут пачаўся 2020 год.
Пакуль яна займалася дакументамі, у свеце масава пачалі ўводзіць абмежавальныя меры з-за пандэміі каранавіруса:
— Італія закрыла межы, універсітэт перастаў прымаць замежных студэнтаў, аэрапорты адзін за адным закрываліся… А Беларусь на той момант была адной з нешматлікіх краін <�…> без жорсткіх кавідных абмежаванняў.

Тады Нія вырашыла затрымацца на пэўны час у нашай краіне. Аднак кавідныя абмежаванні ўсё не адмінялі, межы не адкрывалі. Магчымасці вярнуцца дадому таксама не было — і дзяўчына пачала вырашаць, што рабіць далей.
— І тады я падумала: ужо столькі часу патраціла, чаму б не выкарыстаць яго? — успамінае яна. — У выніку я вырашыла застацца і паступіла ў універсітэт у Гродне на юрыдычны факультэт. Так мой «месяц у Беларусі» раптам ператварыўся ў пяць гадоў жыцця.
У 2025 годзе Нія скончыла спецыялітэт па праве і атрымала ступень магістра. Яна таксама вывучыла рускую мову і цяпер гаворыць на ёй практычна свабодна.

— Краіна, пра існаванне якой я літаральна не ведала да прыезду, у выніку стала вялізнай часткай майго жыцця, — падкрэслівае дзяўчына.
Нія не з'ехала і пасля вучобы — у нашай краіне яна пазнаёмілася з будучым мужам. Вядома, што беларуса завуць Леў і ён родам з Гомеля — туды да яго і пераехала Нія.
30 ліпеня пара згуляла пышнае вяселле. Цяпер у сваім рускамоўным інстаграм-акаўнце шры-ланкійка падпісана як Нія Скопічэва.
У сваім акаўнце Нія таксама распавяла, што яны з Левам вельмі хацелі дзіця, але першая цяжарнасць аказалася хімічнай (выкідыш адбываецца ў першыя пяць тыдняў). Але ўжо ў маі Нія зноў зацяжарала — і цяпер пара з нецярплівасцю чакае дзіцяці.
— Часам думаю, што, калі б COVID не здарыўся, маё жыццё магло б выглядаць абсалютна інакш. І, напэўна, гэта адна з самых дзіўных выпадковасцяў, за якія я цяпер удзячная, — кажа Нія.