Расіяне ўцякаюць ад мабілізацыі ў Грузію
2- 19.08.2026, 15:45
- 3,088
Рэкордныя чэргі на пераходзе ў Верхнім Ларсе.
Дзесяткі тысяч расіян вырашылі выехаць у Грузію на фоне чутак пра магчымую новую хвалю мабілізацыі гэтай восенню. Пра «рэкордны пасажырапаток» на памежным пераходзе ў Верхнім Ларсе паведаміла Федэральная мытная служба (ФТС) Расіі. Паводле яе звестак, 15 і 16 жніўня праз пункт пропуску ў бок Грузіі штодня выязджалі больш за 19 тыс. чалавек, а 18 жніўня — звыш 20 тыс. «Цяперашнія паказчыкі значна перавышаюць дадзеныя аналагічных перыядаў мінулых гадоў», — адзначылі ў ФТС.
Паводле слоў відавочцаў, якіх цытуе «Асцярожна, навіны», на мяжы з боку Расіі ўтварыўся вялікі затор, а аўтамабілі рухаюцца са хуткасцю 50 метраў на гадзіну. Верхні Ларс — адзіны сухапутны памежны пераход на мяжы Расіі з Грузіяй. У канцы верасня 2022 года ён аказаўся найбольш загружаным на расійскай тэрыторыі — з-за абвешчанай Уладзімірам Пуціным мабілізацыі дзясяткі тысяч расіян пакідалі краіну і стаялі ў шматкіламетровым заторы па некалькі дзён.

Да гэтага расіяне рэзка павялічылі попыт на арэнду кватэр у сталіцы Арменіі — Ерэване, пісала «Верстка». «Сітуацыя ў цэлым параўнальная з 2022 годам», — сказаў выданню адзін з мясцовых рыэлтараў. У выніку кватэры на здым падаражэлі на 30%, а расіяне пачалі шукаць варыянты супольнай арэнды з незнаёмымі людзьмі. Пры гэтым, як адзначаў тэлеграм-канал пра нерухомасць у Арменіі «Метры ў драмах», «нармальных варыянтаў» для здыму ўжо няма.

Раней крыніцы «Версткі» паведамілі, што пасля вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму ўлады могуць увесці ў краіне ваеннае становішча і правесці мабілізацыю. Чуткі пра гэта ходзяць ужо некалькі месяцаў. У прыватнасці, пра падрыхтоўку новай мабілізацыі пісалі аналітыкі вашынгтонскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Не выключалі яе і некаторыя еўрапейскія чыноўнікі, якія размаўлялі з The Washington Post. Паводле іх слоў, на такі крок Крэмль можа пайсці, калі высокія страты на фронце захаваюцца.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Пуцін збіраецца ў межах новай мабілізацыі адправіць на фронт «ад 300 да 500 тыс. чалавек». Ён патлумачыў гэта тым, што з пачатку года, паводле яго даных, Мінабароны РФ прыцягнула ў войска 221 тыс. кантрактнікаў, але страты за той жа перыяд дасягнулі 225,5 тыс. чалавек, з якіх 131 тыс. — забітымі.