19 жнiўня 2026, Серада, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі расказаў беларусам пра сябе

Новы часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі расказаў беларусам пра сябе
Уільям Лонгхерст

Дыпламат папрасіў параіць месцы, якія варта ўбачыць у нашай краіне.

Новы часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Уільям Лонгхерст, які ў ліпені ўзначаліў дыпмісію, расказаў пра сябе беларусам і папрасіў параіць месцы, якія варта ўбачыць у краіне. Сам дыпламат, паводле яго слоў, валодае сямю мовамі, жыў у васьмі краінах, падтрымлівае лонданскі «Арсенал» і асабліва любіць японскую кухню.

Пост-знаёмства на беларускай і англійскай мовах з’явіўся ў Instagram-акаўнце пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Лонгхерст расказаў, што нарадзіўся ў 1967 годзе ў Чэлмсфардзе — горадзе на паўночны ўсход ад Лондана. Яго бацька працаваў інжынерам, а ён сам у 1990 годзе паступіў на дыпламатычную службу ў Форын-офіс.

«У нас у сям'і ніхто раней не працаваў у дзяржструктурах, тым больш за мяжой. Мая мама да гэтага часу час ад часу пытаецца, чым я наогул займаюся», — дадаў дыпламат.

Да Беларусі Лонгхерст жыў і працаваў у Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Сербіі, Камбоджы і Швейцарыі. Ён валодае рускай, японскай, карэйскай, французскай, сербскай, нямецкай і англійскай мовамі, а таксама, паводле яго слоў, крыху памятае кхмерскую мову.

Дыпламат скончыў Шэфілдскі ўніверсітэт, дзе вывучаў японскую мову. Сярод яго захапленняў — тэніс, гольф, гра на віяланчэлі і фартэпіяна. Акрамя таго, Лонгхерст любіць гатаваць і прызнаецца, што актыўна пераконвае знаёмых набыць аэрагрыль. Яго любімая кухня — японская, асабліва сушы. У футболе дыпламат падтрымлівае лонданскі «Арсенал».

Распавядаючы пра планы ў Беларусі, Лонгхерст адзначыў, што хацеў бы бліжэй пазнаёміцца з беларусамі і паездзіць па краіне.

«Так што буду вельмі ўдзячны за вашыя парады — што трэба абавязкова ўбачыць і паспрабаваць у Беларусі?» — напісаў ён.

У каментарыях карыстальнікі ўжо пачалі прапаноўваць варыянты: сярод рэкамендацый — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, археалагічны музей «Бярэсце» ў Брэсце, парк-музей «Сула», Салігорск і Бабруйск.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках