«Пасля адпрацоўкі па размеркаванні мы атрымаем лекара, які знаёмы толькі з тэхналогіямі мінулага стагоддзя»
2- 19.08.2026, 9:38
- 1,358
Вось вам такі «перадавы досвед».
Дзяржпрапаганда працягвае «аджыгаць». У «Савецкай Беларусі» выйшаў чарговы артыкул пра бліскучае становішча спраў у беларускай медыцыне з падзагалоўкам «Чаму выпускнікі медуніверсітэта едуць па перадавы досвед у Быхаўскую раённую бальніцу».
Варта адзначыць, што маладыя лекары не выбіраюць месца працы, а прыязджаюць на абавязковую адпрацоўку. Дык які ж перадавы досвед яны набываюць у раённай бальніцы?
— Пачнём з таго, што, як і многім арганізацыям аховы здароўя, Быхаўскай бальніцы патрэбныя лекары. Але туды павінны прыходзіць спецыялісты пасля 5‑гадовай падрыхтоўкі і працы, умоўна кажучы, у Магілёўскай абласной бальніцы, гатовыя дзейнічаць аўтаномна, — патлумачыў «Салідарнасці» адзін з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў Станіслаў Салавей. — Дарэчы, у развітых еўрапейскіх краінах паслядыпломная адукацыя па гэтай спецыяльнасці доўжыцца 5 гадоў, а то і даўжэй, і толькі потым лекар пачынае працаваць.
Але ў нас свае правілы. Як кажа гераіня артыкула (маладая анестэзіёлаг‑рэаніматолаг, учорашняя выпускніца Віцебскага медуніверсітэта — С.), «калектыў выдатны — падтрымліваюць і дапамагаюць, а па прафесійную параду загадчыку тэлефаную ў любы час сутак».
Праблема ў тым, хто і як навучыць працаваць у Быхаве маладога спецыяліста. Нават калі ў бальніцы выдатныя лекары, яны будуць вучыць таму, што ўмеюць самі. У выніку ўзровень у бальніцы будзе такім самым, як і 5, і 7 гадоў таму. Гэта значыць, тэхналагічнае адставанне будзе павялічвацца.
Глядзіце: у Быхаўскай ЦРБ няма ні камп'ютарнага тамографа (тым больш — які працуе 24/7), ні ангіографа. Значыць, усе інфаркты і інсульты трэба везці ў Магілёў. Пакінем убаку пытанне, як арганізаваная транспарціроўка такіх экстраных пацыентаў з Быхава, то-бок наколькі своечасова яны атрымліваюць адпаведную сучасную медыцынскую дапамогу ў абласным цэнтры.
Нас цікавіць іншае: чаму можа навучыцца малады спецыяліст з гадавой інтэрнатурай па анестэзіялогіі‑рэанімацыі ў Быхаўскай ЦРБ, дзе няма экстранай сучаснай неўралогіі і кардыялогіі? І дзе напэўна няма спецыялізаванай і высокатэхналагічнай хірургіі?
У выніку да канца абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні мы атрымаем лекара, які пазбавіўся страху і набыў досвед, але знаёмы толькі з тэхналогіямі ўзроўню ХХ стагоддзя.
Экстраная дапамога дзецям — асобная тэма: у гадавой інтэрнатуры курс дзіцячай анестэзіялогіі і рэанімацыі вельмі кароткі (у адрозненне ад працяглай еўрапейскай рэзідэнтуры). А потым такія спецыялісты аказваюць дапамогу дзецям — у такой сітуацыі ўскладненні і памылкі непазбежныя.
Вось вам такі «перадавы досвед».