Пуцін не пратрымаецца і дваццаці дзён
1- Андрэй Пянткоўскі
- 14.08.2026, 13:35
- 4,004
Гісторыя паўтараецца ў наш час.
Як грамадзянін злачыннай дзяржавы-агрэсара я ніколі не дазваляў сабе даваць якія-небудзь парады або рэкамендацыі Украіне, якая гераічна змагаецца з жорсткім агрэсарам. Але, па-першае, на адзінаццатым годзе майго разыску гэтай дзяржавай маё былое грамадзянства ўжо мае даволі ўмоўны характар.
А па-другое, калі на 87-м годзе жыцця ты валодаеш нейкай стратэгічнай інфармацыяй, важнай для сілаў Дабра, ты проста абавязаны паспець падзяліцца ёю з горадам і светам.
Маёй стратэгічнай інфармацыяй з’яўляецца выразнае ўсведамленне глыбокай аналагіі ў паводзінах КНР у ключавыя моманты III сусветнай вайны (халоднай) і цяперашняй IV сусветнай вайны.
Вынік III сусветнай вырашыў, а вынік IV, як я перакананы, вырашыць адзін і той жа стратэгічны манеўр — пераход Кітая ў ходзе вайны на правільны бок Гісторыі.
У лютым 1972-га гэты паварот быў замацаваны палітычна падчас гістарычнага візіту Прэзідэнта ЗША Ніксана і дзяржсакратара ЗША Кісінджэра ў Пекін.
На пачатку 70-х я, яшчэ адносна малады чалавек, працаваў у Інстытуце ЗША і Канады АН СССР, і да маіх службовых абавязкаў уваходзіў аналіз фатальнага для СССР працэсу збліжэння камуністычнага Кітая і Лідара Свабоднага Сусвету — ЗША.
Першыя сігналы аб магчымай змене вехаў, што сыходзілі з Пекіна, былі ўспрынятыя ў амерыканскім палітыкуме са скепсісам і недаверам. Спатрэбілася творчае ўяўленне Кісінджэра і палітычная смеласць Ніксана, каб ацаніць велізарныя перспектывы новага характару адносін ЗША і КНР.
Гісторыя паўтараецца ў наш час. Вось ужо больш за месяц з Пекіна ідуць — не, не сігналы, а каскад адкрыта недружалюбных адносна пуцінскай Расіі заяў, жэстаў, рашэнняў кітайскага кіраўніцтва.
Але апафеозам месячніка «руска-кітайскай дружбы» стала пасяджэнне СБ ААН 29 ліпеня, на якім выступ кітайскага прадстаўніка прагучаў больш праўкраінскім, чым амерыканскага... Таварыш Фу Конг не толькі заклікаў (як і ўсе члены СБ, акрамя Расіі) абодва бакі неадкладна спыніць баявыя дзеянні. Ён пайшоў далей. Ён падкрэсліў, што перамовы аб паўнамаштабным урэгуляванні канфлікту павінны зыходзіць з прынцыпу захавання непарушнай тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаў.
4 ліпеня Ван І, міністр замежных спраў Кітая і фактычна другая асоба ў дзяржаве, запрасіў свайго ўкраінскага калегу Андрэя Сібігу наведаць Пекін з афіцыйным візітам. МЗС Украіны з удзячнасцю прыняў гэта запрашэнне. Канкрэтная дата візіту знаходзіцца на стадыі абмеркавання.
Сення 14 жніўня — 41-ы дзень пасля таго, як Пекін, як і 54 гады таму, запрасіў Лідара Свабоднага свету абмеркаваць свой пераход на бок Дабра.
Шмат што змянілася за гэтыя гады. У нас з’явіўся Новы Лідар Свабоднага Сусвету. Гэты цяжар, гэтую адказнасць і гэта сусветнае прызнанне Гісторыя ўсклала на Украіну, якая гераічна змагаецца за Сваю Свабоду і за Свабоду ўсяго свету. Яе 800-гадовы праціўнік, спадчынніца Залатой Арды Масковія, прыкметна аслабла. Яе папярэдняя іпастась, атрымаўшы ад Кітая смяротны ўдар у 1972-м, яшчэ каля дваццаці гадоў падыхала. Пуцінскі рэйх не пратрымаецца і дваццаці дзён. Гэта не прагноз, гэта рэкамендацыя да дзеянняў. Вельмі простая рэкамендацыя. Як любую навуковую гіпотэзу, яе можна праверыць эксперыментальна:
Дзень 1-ы. 15 жніўня: Сібіга-Кісінджэр, нарэшце, адпраўляецца ў Пекін.
Дзень 3-ці. 17 жніўня:
Міністры, натуральна, пакінуць найбольш эфектныя кліпы для сваіх прэзідэнтаў. На сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў абодва, адказваючы на пытанні, пацвердзяць сваю прыхільнасць вядомай формуле Фу Конга ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. І ўжо амаль сыходзячы, Ван І нібы між іншым паведаміць, што 1 верасня ў Пекін з трохдзённым дзяржаўным візітам прыбудзе Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Дзень 20-ы. 3 верасня.
У сваёй прамове на ўрачыстым прыёме ў гонар 81-й гадавіны Перамогі над Японіяй у прысутнасці Уладзіміра Зяленскага, як Прэзідэнта адной з дзяржаў-пераможцаў, таварыш Сі паведамляе, што запрасіў Прэзідэнта Зяленскага і прадстаўніка новых улад Расіі прыбыць у Пекін у панядзелак, 14 верасня, для правядзення трохбаковых перамоваў аб доўгатэрміновым урэгуляванні ўкраінскага крызісу на аснове формулы Фу Конга.
Мне гэта так жа ясна, як простая гама…
Андрэй Пянткоўскі, kasparovru.com