КНДР выступіла з пагрозамі ў адрас ЗША і Паўднёвай Карэі
5- 14.08.2026, 10:30
- 2,184
Пхеньян абвінаваціў Вашынгтон у разбурэнні ядзернага балансу.
КНДР заявіла, што будучыя вайсковыя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі нібыта набліжаюць свет да ядзернай вайны. Пхеньян таксама дадаў, што можа скарыстацца сваім правам на «самаабарону», паведамляе Bloomberg.
ЗША і Паўднёвая Карэя плануюць пачаць сумесныя вайсковыя вучэнні 17 жніўня.
Сёлета падчас падрыхтоўкі да іх улічваецца новы досвед, які Паўночная Карэя, верагодна, атрымала дзякуючы ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны.
Аднак планы Вашынгтона і Сеула абурылі Пхеньян — ён выступіў з новай порцыяй папярэджанняў і пагроз.
«КНДР не будзе цярпець сур'ёзнай канфрантацыйнай сітуацыі, якую ствараюць варожыя дзяржавы», — заявілі ў МЗС Паўночнай Карэі.
Больш за тое, у ведамстве дадалі, што краіна гатовая «скарыстацца сваім правам на самаабарону». Пра што канкрэтна ідзе гаворка — пакуль невядома.
На фоне апошніх падзей КНДР таксама пачала крытыкаваць амерыканскую ядзерную стратэгію, якую цяпер пераглядаюць.
Пхеньян абвінавачвае Вашынгтон у тым, што той доўгі час выкарыстоўвае ядзерны патэнцыял як ключавы інструмент для рэалізацыі сваіх «гегеманскіх і агрэсіўных палітычных і вайсковых мэтаў».
«Новая ядзерная дактрына ЗША — сур'ёзны небяспечны фактар, бо яна разбурае ядзерны баланс у свеце, эскалуе гонку ядзерных узбраенняў і ставіць глабальную бяспеку на парог ядзернай вайны», — заявілі ў МЗС Паўночнай Карэі.
У той жа час намеснік міністра абароны ЗША Элбрідж Колбі запэўніў, што кардынальных змяненняў у ядзернай стратэгіі Вашынгтона не плануецца.