У Навасібірску для Пуціна зладзілі паказуху
8- 11.08.2026, 20:25
- 8,368
Пачаліся «цуды» на АЗС.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін 11 жніўня адправіўся з рабочай паездкай у Навасібірск — горад, размешчаны за тры тысячы кіламетраў ад Украіны. З нагоды яго візіту там увялі жорсткія меры бяспекі, а на некалькі гадзін нават знізіліся цэны на бензі�н, піша «Дыялог».
Жыхары Навасібірска звярнулі ўвагу, што пакуль Пуцін знаходзіўся ў горадзе, кошт паліва на мясцовых АЗС загадкавым чынам пайшоў уніз. На некаторых запраўках і ўвогуле адключылі табло з цэнамі і прыпынілі продаж бензіна. Як толькі кіраўнік Крамля пакінуў горад, цэны імгненна падскочылі — прыкладна на 20 рублёў.
Дзіўнасці з бензінам аказаліся не адзінымі. Уздоўж усяго маршруту руху дыктатара выставілі патрулі з інтэрвалам амаль праз кожныя 50 метраў. Мясцовым жыхарам забаранялі набліжацца да гэтых дарог, пакідаць там аўтамабілі і нават адчыняць вокны або глядзець у іх. Тых, хто не выконваў гэтыя «рэкамендацыі», разганялі ў грубай форме.
Паводле сведкаў, з-за перакрыцця ключавых магістраляў дзеля картэжу Пуціна горад стаў у дзесяцібальных заторах.
На гэтым фоне крэмлёўскія прапагандысты распаўсюдзілі відавочна пастаноўчы ролік — нібыта Пуцін «раптам» вырашыў спыніцца і паразмаўляць з групай дзяцей каля закрытай запраўкі. На відэа дыктатар падыходзіць да натоўпу, абдымае хлопчыка, а непадалёк стаяць узброеныя байцы ў камуфляжы.