Беларусам прыходзяць «лісты шчасця» за аўто, прададзенае 12 гадоў таму
- 10.08.2026, 20:17
- 1,992
У чым справа?
Сям’я прадала сіні VW Passat 1988 года выпуску яшчэ ў 2014-м. Але аўтамабіль не быў перааформлены, і штрафы былым уладальнікам прыходзяць дагэтуль.
Каб вырашыць праблему, папярэднія гаспадары звярнуліся ў рэдакцыю «АўтаГродна».
Паводле слоў чытачкі выдання, «Passat» дастаўся чалавеку з Гродзенскай вобласці, які абяцаў вось-вось прыехаць і юрыдычна завяршыць здзелку, але за 12 гадоў так і не з’явіўся. Пры гэтым «лісты шчасця» за ігнараванне хуткаснага рэжыму былым гаспадарам аўто рэгулярна прыходзяць з Воранаўскага раёна і Мінска. Сума штрафу звычайна складае 0,5 БВ (то-бок вадзіцель перавышае на 10—20 км/г).
Страхоўку на аўтамабіль таксама рэгулярна афармляюць. Напрыклад, дзейная была выпісаная ў Гродне 12 студзеня 2026 года.
Дзяўчына просіць цяперашняга ўладальніка адгукнуцца, сустрэцца ў ДАІ і завяршыць працэдуру 12-гадовай даўнасці.