Пакістан заклікаў ЗША і Іран вярнуцца да перамоваў
1- 8.07.2026, 22:16
Ісламабад — адзін з галоўных пасярэднікаў у перамовах Вашынгтона і Тэгерана.
Альтэрнатывы дыпламатыі для дасягнення міру на Блізкім Усходзе няма, заявіла ў Міністэрстве замежных спраў Пакістана. Так ведамства адрэагавала на новы віток эскалацыі канфлікту паміж ЗША і Іранам, які пачаўся з маштабнага абмену ўдарамі ў ноч на 8 ліпеня.
МЗС краіны выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з развіццём сітуацыі ў рэгіёне і заявіў, што аднаўленне баявых дзеянняў не ўваходзіць у інтарэсы ніводнага з бакоў. «Пакістан заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць і ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, якія могуць яшчэ больш падарваць мір і стабільнасць у рэгіёне»,— адзначаецца ў тэксце.
Ісламабад — адзін з галоўных пасярэднікаў у перамовах — заклікаў Вашынгтон і Тэгеран у роўнай ступені выконваць умовы мемарандуму аб узаемаразуменні, паколькі дакумент застаецца «трывалай асновай для ўзаемаразумення, узаемнай павагі і агульнага росквіту ў рэгіёне і за яго межамі». Сёння бакі абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні дагавору.
У ноч на 8 ліпеня ЗША нанеслі ўдар па тэрыторыі Ірана ў адказ на абстрэлы камерцыйных суднаў у Армузскім праліве. Вашынгтон заявіў пра парушэнне рэжыму спынення агню, а Іран — пра прыпыненне перамоваў. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дапусціў, што вырашыць канфлікт з Тэгеранам без перамоваў было б прасцей.