Вэнс: Вынікі наступаў расіян набліжаюцца да нуля
1- 5.07.2026, 18:24
- 2,124
Яны дорага плацяць за кожны кіламетр.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што цяпер расіяне знаходзяцца ў сітуацыі, калі іх наступальныя аперацыі не прыносяць істотных поспехаў. За мінімальнае прасоўванне расійскія войскі плацяць высокую цану.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю The Sunday Times.
Вэнс адзначыў, што, аналізуючы вайну паміж Расіяй і Украінай, ён адразу ўбачыў, паводле яго меркавання, відавочнае: улічваючы распаўсюджанне дронаў і тэхналогій назірання, Украіне было мэтазгодней замацавацца на пазіцыях і знясільваць Расію, а не пачынаць дарагія наступальныя аперацыі з мэтай адваявання акупаваных тэрыторый.
«Калі ўзгадаць лета 2023 года, то тады галоўным прадметам спрэчак было пытанне, ці павінна Украіна паспрабаваць правесці маштабнае контрнаступленне. Амаль увесь заходні свет, уключна з прэзідэнтам Байдэнам, ціснуў на ўкраінцаў, каб яны пачалі маштабнае контрнаступленне, што, як высветлілася пазней, стала стратэгічнай і тактычнай катастрофай», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.
Паводле яго слоў, адміністрацыя Трампа лічыць, што Украіна павінна максімальна сканцэнтравацца на абароне і адначасова весці перамовы.
«Гэты падыход прынёс значна больш пладоў, бо знаходзіцца ў абароне лягчэй, чым у наступе. Гэта дазволіла ўкраінцам крыху лепш выкарыстаць сваю тактычную перавагу. Шчыра кажучы, расіяне цяпер у сітуацыі, калі тое, чаго яны могуць дасягнуць дзякуючы працяглым наступальным аперацыям, мізэрна мала — і набліжаецца да нуля. Гэта цалкам можа стварыць прастору, неабходную нам для таго, каб давесці справу да канца», — заявіў Вэнс.
Палітык падкрэсліў, што расіяне дорага плацяць за кожны квадратны кіламетр, які яны захопліваюць. Паводле слоў Вэнса, гэта стала вынікам таго, што ЗША і НАТА падштурхнулі Украіну змяніць стратэгію на карысць эфектыўнай абароны.