Яхта Пуціна тэрмінова адправілася ў Арктыку
2- 4.07.2026, 10:48
- 4,102
Пасля серыі паспяховых удараў украінскіх беспілотнікаў.
Суперяхта Graceful, якую заходнія СМІ звязваюць з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, пакідае еўрапейскія воды і накіроўваецца ў расійскі Мурманск. Паводле дадзеных The Telegraph, судна рухаецца пад узмоцненай аховай расійскіх ваенных караблёў на фоне апасенняў новых атак украінскіх дальнабойных беспілотнікаў.
Выданне са спасылкай на даныя марской разведкі і спадарожнікавыя здымкі паведамляе, што 82-метровая яхта ідзе ўздоўж узбярэжжа Нарвегіі, а яе маршрут знаходзіцца пад наглядам краін НАТА.
Судна суправаджаюць вялікі супрацьлодкавы карабель «Североморск» і патрульна-выратавальнае судна «Воевода». Пры гэтым палубу яхты закрылі спецыяльнымі антыдронавымі сеткамі.
Крыніца ў НАТА паведаміла выданню, што падчас праходжання праз Балтыйскае мора канвой кантралявалі ваенна-марскія сілы Нямеччыны і Даніі.
Паводле дакументаў ураду ЗША, Пуцін неаднаразова карыстаўся яхтай «Graceful», у прыватнасці падчас падарожжа па Чорным моры ў 2021 годзе разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну яхту вывелі з нямецкай верфі ў Калінінград, а пасля ЗША ўключылі судна ў санкцыйны спіс. Пасля гэтага яго, паводле СМІ, перайменавалі ў «Касатку».
Украінскія ўдары прымусілі Крэмль узмацніць меры бяспекі
The Telegraph звязвае перамяшчэнне яхты з нядаўнімі ўдарамі ўкраінскіх беспілотнікаў па расійскіх ваенна-марскіх аб'ектах.
На мінулым тыдні ўкраінскія дроны далёкага дзеяння атаквалі базу Кранштадт у Фінскім заліве, дзе, паводле паведамленняў, быў пашкоджаны карвет «Бойкий». Спадарожнікавыя здымкі таксама сведчаць пра значнае скарачэнне колькасці караблёў у гавані пасля атак.
Былы аташэ Вялікабрытаніі па пытаннях абароны ў Маскве Джон Форман лічыць, што Крэмль імкнецца максімальна забяспечыць бяспеку дарагавартасных актываў:
«Яны не хочуць рызыкаваць. Адводзяць яго далей ад украінцаў пасля таго, як тыя разграмілі Кранштадт».
Ваенна-марскі эксперт Эма Солсберы таксама лічыць, што суправаджэнне яхты баявымі караблямі сведчыць пра нежаданне Крамля дапусціць які-небудзь інцыдэнт з суднам. Кошт яхты ацэньваецца больш як у 130 млн долараў.
Пуцін узмацняе ўласную ахову
Паводле выдання, апошнім часам расійскі прэзідэнт значна ўзмацніў меры бяспекі вакол сябе.
У прыватнасці, была павялічана колькасць супрацоўнікаў Федэральнай службы аховы, якая адказвае за бяспеку Пуціна і членаў яго сям'і. Супрацоўнікам, якія маюць непасрэдны доступ да кіраўніка Крамля, забаронена карыстацца прыладамі з доступам у інтэрнэт, а ў месцах пражывання персаналу ўсталяваныя сістэмы назірання.
Акрамя таго, як адзначае The Telegraph са спасылкай на расследаванне «Радыё Свабода», рэзідэнцыю Пуціна на возеры Валдай акружылі шматлікія вежы з зенітнымі комплексамі «Панцыр».
Выданне таксама адзначае, што Graceful стала ўжо другой яхтай, якую звязваюць з Пуцінам і якая пакідае еўрапейскі напрамак. Раней у турэцкі Бодрум адправілася іншая шыкоўная яхта — Victoria, якую журналісты таксама звязваюць з найбліжэйшым асяроддзем расійскага кіраўніка.