Суд над Лукашэнкам становіцца ўсё больш рэальным
5- 31.07.2026, 16:00
Абвінавачаны назапашвае для сябе ўсё больш матэрыялу для такога крымінальнага разбіральніцтва.
Крымінальная справа, якую ўкраінская ўлада можа распачаць супраць Лукашэнкі, магла б стаць цікавым прэцэдэнтам. Нягледзячы на шматлікія абвінавачанні ў датычнасці да знікнення палітычных канкурэнтаў у канцы 90-х, непрызнанне выбараў і нават саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны, кіраўнік Беларусі ніколі не станавіўся фігурантам крымінальнай справы, ініцыяванай іншай дзяржавай, піша «Салідарнасць».
Гучыць дастаткова экзатычна і не зусім зразумела, як судзіць і прыцягваць да адказнасці, але ў сусветнай практыцы ёсць прыклады не толькі Міжнародных трыбуналаў і Міжнароднага крымінальнага суда, але і судовых працэсаў, ініцыяваных супраць кіраўнікоў іншых дзяржаў.
Аўгуста Піначэт (Чылі)
Быў абвінавачаны ў забойствах, катаваннях, прымусовых знікненнях, злачынствах супраць чалавечнасці, якія ён учыняў супраць сваіх палітычных апанентаў, калі знаходзіўся пры ўладзе на чале Чылі.
У 1998 годзе іспанскі суд выдаў міжнародны ордэр на арышт Піначэта, які на той час ужо не быў кіраўніком Чылі. Былы кіраўнік дзяржавы быў затрыманы ў Лондане брытанскай паліцыяй па запыце Іспаніі, аднак пасля доўгага судовага працэсу Вялікабрытанія адмовілася выдаваць былога дыктатара Іспаніі па стане здароўя.
Пасля вяртання ў Чылі Піначэт апынуўся пад следствам і хатнім арыштам, але памёр да вынясення прысуду.
Хісэн Хабрэ (Чад)
Быў абвінавачаны ў катаваннях, злачынствах супраць чалавечнасці, ваенных злачынствах.
Некалькі былых грамадзянаў Чаду, якія атрымалі бельгійскае грамадзянства, звярнуліся ў нацыянальную пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасці былога дыктатара Чаду, які пасля звяржэння ў 1990 годзе ўцёк у Сенегал.
У 2005 годзе бельгійскі суд выдае міжнародны ордэр на арышт Хабрэ. Сенегал праходзіць доўгі шлях юрыдычнага і правапрымяняльнага «адмаўлення, гневу, торгу і прыняцця», аднак у 2016 годзе спецыяльна створаная разам з Афрыканскім саюзам Надзвычайная афрыканская палата асуджае былога дыктатара да пажыццёвага зняволення.
Унікальнасць гэтай сітуацыі ў тым, што злачынца дажыў да суда і атрымаў справядлівае пакаранне, а таксама ў тым, што гэта быў першы выпадак, калі былы кіраўнік адной афрыканскай дзяржавы быў асуджаны судом іншай.
Былі і іншыя прэцэдэнты
Акрамя гэтых двух гучных працэсаў, можна ўспомніць яшчэ працэсы ў дачыненні да Башара Асада (Сірыя), Муамара Кадафі (Лівія), Менгісту Хайле Марыяма (Эфіопія), Яхьі Джамэ (Гамбія), Садама Хусэйна (Ірак) і Слабадана Мілошавіча (Сербія).
Практычна ва ўсіх выпадках альбо выкарыстоўваўся прынцып міжнароднай крымінальнай юрысдыкцыі, альбо іншыя магчымасці прававых сістэм дзяржаў.
Перспектывы крымінальнай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі за саагрэсію супраць Украіны пакуль выглядаюць туманна і больш падобныя да палітычнага ціску з мэтай паставіць яшчэ адзін блакатар на шляху яшчэ большай уцягнутасці Беларусі ў вайну супраць Украіны, аднак фактура для такой крымінальнай справы назапашваецца.
Акрамя відавочных фактаў выкарыстання тэрыторыі і інфраструктуры Беларусі для атакі на Украіну (у тым ліку з выкарыстаннем рэтранслятараў для навядзення дронаў), гаворка ідзе і пра ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, і пра актыўнае забеспячэнне расійскай арміі ўзбраеннем, боепрыпасамі і амуніцыяй, і пра навучанне расійскіх салдат на беларускіх палігонах. Адзін з найсвяжэйшых фактаў — наяўнасць у расійскіх ракетах «Арэшнік», якія прымяняліся для ўдару па Украіне, значнай колькасці дэталяў, вырабленых у Беларусі.
Усе гэтыя фактары ў спалучэнні з міжнароднай юрыдычнай практыкай робяць крымінальнае пераследаванне кіраўніка мінскага рэжыму цалкам рэальнай карцінай, тым больш што з кожным днём абвінавачаны назапашвае для сябе ўсё больш матэрыялу для такога крымінальнага разбіральніцтва.
Пытанне ў тым, ці захочуць украінцы прымяніць гэты козыр і як менавіта будуць дамагацца прыцягнення абвінавачанага да адказнасці за ўчыненае.