Як знаёмыя пахі дапамагаюць нам у думках перанесціся ў дзяцінства
- 31.07.2026, 10:42
Унікальная «машына часу».
Французскія вучоныя з Цэнтра нейрабіялагічных даследаванняў у Ліёне высветлілі, чаму пах дывана або былачак з карыцай можа выклікаць у нас яскравыя ўспаміны пра дзяцінства, піша «Нож».
Раней даследчыкі меркавалі, што за нюхавую памяць чалавека адказваюць асобныя ўчасткі мозгу. Напрыклад, гэтую функцыю прыпісвалі доўгажывучым гранулярным клеткам у нюхавай цыбуліне мозгу. Паводле дадзеных вучоных, гэтыя клеткі фармуюцца ў першы дзень жыцця дзіцяці і з часам «наладжваюцца» на ўспрыманне прыемных пахаў.
Аўтары свежага артыкула вырашылі праверыць гэтую гіпотэзу. Спачатку яны правялі апытанне больш як 600 добраахвотнікаў. У людзей пыталіся, ці ўзнікаюць у іх успаміны, звязаныя з пахамі з далёкага мінулага. Паводле слоў экспертаў, большасць апытаных адказала станоўча.
«Пахі — гэта выключныя сігналы для доступу да аўтабіяграфічных успамінаў», — разважае Наталі Мандайрон, старшая аўтарка даследавання.
Далей вучоныя правялі эксперымент на лабараторных мышах. Грызуноў ва ўзросце ад трох да чатырох тыдняў — для іх гэта ранняе дзяцінства — падверглі ўздзеянню прыемных натуральных пахаў. Пры гэтым у часткі жывёл «адключылі» гранулярныя клеткі.
Вынікі эксперымента пацвердзілі, што раннія ўспаміны пра пахі насамрэч фіксуюцца ў гранулярных клетках нюхавай цыбуліны. Так, мышы, у якіх «адключылі» гэтыя клеткі, пазней былі абыякавыя да водараў.
Навуковая супольнасць з цікавасцю паставілася да адкрыцця французскіх вучоных. Некаторыя параілі спецыялістам прысвяціць новае даследаванне падсвядомым рэакцыям людзей на непрыемныя пахі з дзяцінства.