А хто гэта зрабіў?
1- Віталь Цыганкоў
- 30.07.2026, 15:05
- 1,576
Карупцыйны не народ, а сістэма ўлады.
Пагаворым пра карупцыю. Як так атрымалася, што праз 32 гады пасля таго, як да ўлады прыйшоў самапрызначаны змагар з карупцыяй, яе стала толькі больш. Чаму міжнародны рэйтынг карупцыйнасці Беларусі за апошнія гады радыкальна пагоршыўся?
Нядаўна беларускія сілавікі затрымалі 44 службовыя асобы з прадпрыемстваў розных галін: аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, ЖКГ, будаўніцтва, транспарту, адукацыі і іншых сфер.
Паводле прэс-службы МУС, яны гадамі атрымлівалі хабар ад удзельнікаў тэндэраў у абмен на гарантаванае прасоўванне іх камерцыйных інтарэсаў: службовыя асобы забяспечвалі выбар патрэбных арганізацый у якасці пастаўшчыкоў, спрыялі бесперашкоднаму прыёму тавараў і кантралявалі своечасовую аплату за пастаўкі.
Натуральна, паўстае заканамернае пытанне: як такое магчыма ў краіне, якой ужо 32 гады кіруе чалавек, што менавіта на тэме барацьбы з карупцыяй прыйшоў да ўлады?
Нагадаем, што Лукашэнка праславіўся на ўсю Беларусь у снежні 1993 года адразу пасля свайго так званага антыкарупцыйнага дакладу, які фактычна стаў стартам яго прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
І так атрымалася, што барацьбу з карупцыяй Лукашэнка зрабіў перпетуум-мобіле, вечным рухавіком сваёй палітыкі, традыцыйна некалькі разоў на год звяртаючыся да гэтай тэмы, выкрываючы чарговыя ашаламляльныя факты.
То пасадзяць памочніка кіраўніка дзяржавы і былога міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло, то заведуць справу на медыкаў, то выкрыюць адкаты пасярэднікам ва ўсёй прамысловасці, то сам Лукашэнка прызнае, што міліцыянеры «крышуюць» бандытаў, як у «ліхія 90-я».
Тут так і хочацца спытаць: а хто гэта зрабіў? Што за іншапланецяне кіравалі ўсе гэтыя гады дзяржавай? Як так атрымалася, што праз 32 гады барацьбы з карупцыяй яе стала толькі больш?
Тое, што карупцыі ў Беларусі стала больш, — гэта не публіцыстычная заява журналіста, а факт, пра які сведчаць міжнародныя арганізацыі.
Калі ўзяць найбольш аўтарытэтны міжнародны рэйтынг — Індэкс успрымання карупцыі (Corruption Perceptions Index, CPI) арганізацыі Transparency International, то Беларусь у 2025 годзе заняла 114-е месца з 180 краін. Параўнаем з суседзямі: Польшча — 53-е месца, Літва — 32-е, Латвія — 38-е, Украіна — 105-е. Ну і Расія — на 154-м. Хоць хтосьці сярод суседзяў горшы.
Дарэчы, што вельмі паказальна, у 2017–2019 гадах — у перыяд адноснай палітычнай і эканамічнай лібералізацыі — Беларусь займала значна лепшыя пазіцыі, трымалася каля 60–70-га месца. Аднак пасля 2021 года рэйтынг нашай краіны паступова зніжаўся. Гэта звязана не толькі з уласна карупцыяй, але і з агульным пагаршэннем стану дзяржаўных інстытутаў, незалежнасці судоў, свабоды СМІ і празрыстасці ўлады — фактараў, якія ўлічваюцца пры разліку.
Міжнародныя арганізацыі адзначаюць структурныя праблемы, што ствараюць карупцыю: недэмакратычнасць і закрытасць дзяржаўных рашэнняў, адсутнасць грамадскага кантролю, залежнасць судовай сістэмы і вялікая доля дзяржаўнага сектара ў эканоміцы.
Менавіта гэтыя фактары і ўплываюць на нізкае месца Беларусі ў сусветным рэйтынгу карупцыі.
Улады Беларусі часта падкрэсліваюць, што ў краіне няма такой маштабнай «бытавой» карупцыі, як у некаторых іншых постсавецкіх дзяржавах. І гэта праўда, бо самі мы, беларусы, зусім не карупцыйны народ. Мы ў сваёй большасці любім парадак ва ўсім, паважаем законную бухгалтэрыю, пераважна не ўхіляемся ад падаткаў, даўно ўжо амаль не даём хабар супрацоўнікам ДАІ.
Карупцыйны не народ, а сістэма ўлады. Вось тут і ёсць стратэгічны адказ на пытанне, чаму квітнее карупцыя.
Дзяржаўныя структуры, чыноўнікі ў Беларусі маюць занадта шмат паўнамоцтваў. Калі дзяржава фінансава падтрымлівае прадпрыемствы, то той, хто гэтыя грошы размяркоўвае, будзе мець і спакусу, і магчымасць для карупцыі.
Калі чыноўнік вырашае, каму выдаць дзяржаўны заказ, каго прызначыць дырэктарам, каму даць ільготны крэдыт, каму прадаць дзяржаўную маёмасць, і пры гэтым мае даволі сціплы заробак (у параўнанні з бізнесменамі), — то, вядома, узнікае вялікая спакуса выкарыстоўваць гэтыя паўнамоцтвы ў свой кішэнь.
Пры гэтым чыноўнікі, асабліва рэгіянальныя, напэўна, адчуваюць сябе гаспадарамі жыцця, феадаламі ў раёне — і яны такімі і ёсць, але да пары да часу. Пакуль самы галоўны феадал не пашле іх... ну, хаця б у войска.
Сутнасць у тым, што ўсе гэтыя грамадзяне не нясуць ніякай адказнасці перад народам, выбаршчыкамі — у Беларусі нікога не выбіраюць. Адказнасць існуе толькі перад іх начальствам, толькі ад яго залежаць лёс і перспектывы любога вінціка ў вертыкалі ўлады.
Для доўгатэрміновага зніжэння карупцыі найважнейшае значэнне маюць не толькі жорсткія пакаранні, але і дэмакратычныя інстытуты: незалежныя суды, свабодная прэса, адкрытыя дзяржаўныя закупкі, палітычная канкурэнцыя і празрыстасць дзяржаўнага кіравання.
Дык выснова гучыць даволі банальна, але ад гэтага не становіцца менш пераканаўчай: пакуль існуюць аўтарытарная ўлада, вертыкаль, непразрыстасць, вялікая роля дзяржавы ў эканоміцы, уся гэтая нібыта барацьба з карупцыяй нагадвае бой з міфалагічнай гідрай — замест адной галавы вырастаюць дзве новыя.
Віталь Цыганкоў, «Белсат»