Раналду звярнуўся да Мадрыча пасля перамогі Партугаліі над Харватыяй на чэмпіянаце свету-2026
4- 3.07.2026, 20:21
- 8,748
«Ён — легенда футболу».
У пятніцу, 3 ліпеня, зборная Партугаліі выйшла ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету-2026, перамогшы Харватыю са злікам 2:1.
Свой уклад у перамогу ўнёс Крыштыяну Раналду, які зраўняў лік, рэалізаваўшы пенальці. А ўжо на апошніх хвілінах матчу Гансалу Рамуш прынёс перамогу сваёй камандзе.
Пасля матчу капітан партугальцаў звярнуўся да былога партнёра па «Рэале» і лідара «клеткавых» Лукі Мадрыча. Раналду заявіў, што харват з'яўляецца легендай футболу, і пажадаў яму ўсяго найлепшага ў далейшай кар'еры, паведамляе Fox Sports.
«Я гуляў з Лукой шмат гадоў. Мы амаль аднаго ўзросту. Ён — легенда футболу. І ён дагэтуль застаецца легендай, таму што працягвае гуляць на такім высокім узроўні і дэманстраваць неверагоднае майстэрства. Гэта ўражвае.
Віншую з усім, чаго ты дасягнуў. Я быў рады зноў убачыць цябе і жадаю ўсяго найлепшага ў наступныя гады тваёй кар'еры. Было выдатна зноў згуляць супраць яго», — сказаў Раналду.
У 1/8 фіналу Партугалія згуляе з Іспаніяй, якая выбіла Аўстрыю з турніру.